Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Юнакі і дзяўчаты з Беларусі разам з арцыбіскупам Станеўскім супольна перажываюць дні моладзі ў Лісабоне
Юнакі і дзяўчаты з Беларусі разам з арцыбіскупам Станеўскім супольна перажываюць дні моладзі ў Лісабоне5.08.2023. |
|
Удзельнікі СДМ з Беларусі, якія прыбылі ў Лісабон разам з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, збіраліся на сустрэчы ў лісабонскім касцёле святога Стэфана.
У першы дзень у сустрэчы ўзялі ўдзел больш за 150 чалавек.
Адказны за моладзь у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак правёў для прысутных катэхезу на тэму інтэгральнай экалогіі, абапіраючыся на дакументы Папы Франіцшка: Апостальскую адгартацыю Christus vivit, напісаную ў форме ліста да моладзі, і энцыкліку Laudato si’, прысвечаную клопату пра супольны дом.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў ксёндз Алег Шпець, хрыстусовец з Мінска, які разам з іншымі святарамі суправаджае беларускую моладзь у Лісабоне. Падчас Эўхарыстыі юнакі і дзяўчаты разважалі над словамі з Евангелля паводе Лукі, якія сталі тэмай сёлетніх Сусветных дзён моладзі: «Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну» (Лк 1, 39), а таксама разам спявалі гімн СДМ на беларускай мове.
Святую Імшу на другі дзень сустрэч цэлебраваў арцыбіскуп Станеўскі, засяродзіўшыся ў гаміліі на біблійнай тэме дня — словах Марыі на вяселлі ў Кане Галілейскай: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце» (Ян 2, 5).
Эўхарыстыі папярэднічала катэхеза на тэму сацыяльнага сяброўства на падставе дакументаў Святога Айца: адгартацыі Christus vivit і энцыклікі Fratelli tutti аб братэрстве і сацыяльным сяброўстве.
Удзельнікі Сусветных дзён моладзі з Беларусі адзначаюць цудоўную арганізацыю мерапрыемства на партугальскай зямлі і эфектыўную працу валанцёраў, якімі з’яўляюцца іх аднагодкі з розных краін свету.
Фота: абп. Юзаф Станеўскі, Кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by Вярнуцца назад |