Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Беларусь прыбыў спецыяльны пасланнік Папы Францішка на юбілейных урачыстасцях у Будславе арцыбіскуп Гуджэроцці

У Беларусь прыбыў спецыяльны пасланнік Папы Францішка на юбілейных урачыстасцях у Будславе арцыбіскуп Гуджэроцці


29.06.2023.

У Беларусь прыбыў спецыяльны пасланнік Папы Францішка на юбілейных урачыстасцях у Будславе арцыбіскуп Гуджэроцці28 чэрвеня ў Мінск прыбыў Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, якога Святы Айцец Папа Францішак прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам (Легатам) на ўрачыстасцях з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.


Высокага госця, які прыбыў у Беларусь у суправаджэнні асабістага сакратара айца Эмануіла Сабадаха OFM, сустрэў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч. У Апостальскай нунцыятуры папскага Легата прывітаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, а таксама яго асабісты сакратар ксёндз Юрый Ясевіч, якому 10 гадоў таму ў Гродне арцыбіскуп Гуджэроцці ўдзяліў прэзбітэрскае пасвячэнне.

 

67-гадовы ватыканскі іерарх добра вядомы беларускім вернікам, паколькі з 2011 па 2015 год быў Апостальскім нунцыем у нашай краіне. У той час ён неаднаразова браў удзел у Будслаўскім фэсце, які ў 2018 годзе быў унесены ЮНЕСКА ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

 

Завяршаючы служэнне ў якасці Апостальскага нунцыя ў Беларусі, арцыбіскуп Гуджэроцці 13 снежня 2015 года спецыяльна прыбыў у Будслаў, каб развітацца з Маці Божай у Яе цудадзейным абразе.

 

Цяпер, амаль праз сем гадоў, іерарх, які з лістапада мінулага года ўзначальвае Дыкастэрыю па справах Усходніх Касцёлаў, зноў наведае Будслаў.

 

Гэтым разам ужо ў якасці Легата, або спецыяльнага пасланніка Папы Францішка на юбілейных урачыстасцях з нагоды 25-годдзя каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, якія пройдуць у Нацыянальным санктуарыі 30 чэрвеня і 1 ліпеня.

 

Раней у Будслаўскім фэсце ў якасці спецыяльных папскіх пасланнікаў бралі ўдзел тагачасны Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран у 2013 годзе з нагоды 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе і арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн ОР у 2016 годзе з нагоды 25-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай Мітраполіі.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад