Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Шуміліне з удзелам біскупа Буткевіча адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Фацімскай

У Шуміліне з удзелам біскупа Буткевіча адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Фацімскай


15.05.2023.

У Шуміліне з удзелам біскупа Буткевіча адзначылі ўрачыстасць Маці Божай ФацімскайУ санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебскі дэканат) у суботу 13 мая адбылася адпустовая ўрачыстасць у 106-ю гадавіну з пачатку Фацімскіх аб’яўленняў Багародзіцы.


13 мая 1917 года ў Партугаліі ў невялікім мястэчку Фаціма Маці Божая аб’явілася тром дзецям-пастушкам, заклікаўшы штодзённа маліцца Ружанец, каб выпрасіць мір для свету, які тады перажываў трагедыю Першай сусветнай вайны. У наш час словы Маці Божай застаюцца па-ранейшаму актуальнымі. Хоць мінула ўжо больш за стагоддзе з той пары, заклік Багародзіцы не страціў сваёй моцы.

 

Прымаючы Яе запрашэнне, у суботу 13 мая шматлікія пілігрымы і парафіяне прыйшлі (а некаторыя прыехалі на роварах) у санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне, каб разам з Марыяй прасіць Бога аб літасці, аб спыненні войнаў і канфліктаў на свеце, асабліва ў суседняй Украіне.

 

Звяртаючыся да Марыі, вернікі ўзносілі да Бога малітвы аб вырашэнні грамадска-палітычных праблем у нашай краіне. Яны прасілі заступніцтва Маці Божай, вызнаючы веру ў тое, што з Ёю і праз Яе людзям дадзена пазнаць Міласэрнае аблічча Бога Айца.

 

На адпустовую ўрачыстасць у Шумілінскі санктуарый, дзе нясуць служэнне святары з законніцкай супольнасці Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, прыбылі пілігрымы з розных мясцін Віцебскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій Беларусі.

 

Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

 

13 мая прыпадала 23-я гадавіна яго прэзбітэрскага пасвячэння. Таксама 23 гады таму ў Шуміліне была створана каталіцкая парафія, і тут новапрэзбітэры, сярод якіх быў таксама сённяшні пастыр дыяцэзіі, разам з тагачасным біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам цэлебравалі сваю першую святую Імшу.

 

Удзельнікі ўрачыстасці прасілі ў Бога благаслаўлення на далейшае плённае служэнне для біскупа Буткевіча — вернага пілігрыма да Маці Божай Фацімскай у Шуміліне.

 

Урачыстасць у санктуарыі распачалася а 15-й гадзіне адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і Вяночкам да Божай Міласэрнасці, пасля чаго сабраныя, выконваючы просьбу Марыі, маліліся Ружанец, а потым адбылося Маёвае набажэнства да Маці Божай са спевам Ларэтанскай літаніі. Пасля Імшы ўдзельнікі ўрачыстасці прайшлі ў працэсіі з фігурай Маці Божай Фацімскай.

 

На заканчэнне адбылася супольная Агапа на ўзор ранннехрысціянскіх гасцін, якую падрыхтавалі парафіяне. Гэта быў час будавання супольнасці, дзялення радасцю і братняй любоўю.

 

Да кастрычніка ў 13-ы дзень кожнага месяца ў Шумілінскім санктуарыі будуць адбывацца Фацімскія набажэнствы з Ружанцовай малітвай.

 

У Шуміліне з удзелам біскупа Буткевіча адзначылі ўрачыстасць Маці Божай ФацімскайУ Шуміліне з удзелам біскупа Буткевіча адзначылі ўрачыстасць Маці Божай ФацімскайУ Шуміліне з удзелам біскупа Буткевіча адзначылі ўрачыстасць Маці Божай ФацімскайУ Шуміліне з удзелам біскупа Буткевіча адзначылі ўрачыстасць Маці Божай Фацімскай

 

Тэкст: кс. Павел Лемех ОМІ / Фота: Іван Моніч / Catholic.by


Вярнуцца назад