Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Вялікая няпраўда

Вялікая няпраўда


25.10.2008.
Лк. 8.41-56

Дарагія браты і сёстры!


У сёньняшнім Евангельлі Ісус Хрыстос паўстае перад намі, як вялікі Цудатворца, як Уладар жыцьця і сьмерці. Ісус Хрыстос уваскрашае памёршую дзяўчыну, дачку Яіра.

У жыдоў была традыцыя – запрашаць да памерлага наёмных жалейнікаў і плакальнікаў (пар. Мф. 9.23). Нават найбяднейшы габрэй быў забавязаны паклапаціцца прынамсі аб дзвух жалейніках і адной плакальніцы. У абавязкі наймітаў уваходзіла між іншым пералічваць розныя дабрадзействы памерлага (нават, калі іх і не было), выклікаць жаль і плач у прысутных. Такім чынам жалейнікі і плакальнікі былі наймітамі і, зразумела, у іх прысутнасьці было шмат няпраўды і крывадушнасьці. Увесь гэты тэатр выклікае абурэньне Ісуса, які загадвае ўсім выйсьці. Ніякая няпраўда і крывадушнасьць ня могуць быць сьведкамі вялікіх цудаў. «А прыйшоўшы ў дом, не дазволіў увайсьці нікому, апрача Пётры, Яна і Якава, і бацькі дзяўчыны, і маці» (Лк. 8. 51, пар. Мф. 9.24). Наадварот, словамі «яна не памерла, а сьпіць», Ісус Хрыстос імкнецца супрацьстаяць не толькі няшчырасьці, але, нават, і шчыраму плачу. Ісус Хрыстос сьмерць называе сном. Сьмерць – ёсьць няпраўдай чалавечага жыцьця, таму ёй заўсёды супрацьстаіць Праўда.

Дарагія браты і сёстры! У сёньняшнім Евангельлі Хрыстос адкрывае людзям праўду. Ен адкрывае нам, што для Бога няма жывых і мёртвых, для Бога жывыя ўсе. Хрыстос - ёсьць Ўладаром нашага жыцьця. Ісус Хрыстос сьмерць называе сном, Ён паказвае яе як нейкую частку нашага зямнога існаваньня. Сьмерць – гэта не канец жыцьця, гэта ня штосьці, што робіць жыцьцё бессэнсоўным і пустым. Наадварот, сьмерць надае сэнс яму нашаму жыццю, адкрывае праўду пра вечнае жыцьцё і еднасьць з Богам. А можа гэта вялікая няпраўда жыве і ў тваім жыцьці? Якое пачуцьцё выклікае слова «сьмерць» у цябе: страх ці надзею?
Задумаймася, дарагія браты і сёстры, над гэтымі пытаньнямі, і папросім Госпада, каб даваў нам адрозьніваць праўду ад маны.

Вярнуцца назад