Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Cлова Архімандрыта Сяргея (Гаека) Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі на Свята Пасхі Хрыстовай 2023 года

Cлова Архімандрыта Сяргея (Гаека) Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі на Свята Пасхі Хрыстовай 2023 года


14.04.2023.

Cлова Архімандрыта Сяргея (Гаека) Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі на Свята Пасхі Хрыстовай 2023 годаХрыстос Уваскрос – сапраўды Ўваскрос!

 

Дарагія Браты, Сёстры, Сябры. Гэтым пасхальным вітаннем у гэтыя дні мы выказваем нашую веру, што ўваскрослы Хрыстос жыве сярод нас – не толькі ў пасхальны час, але кожны дзень нашага жыцця.

 

У гэтым годзе гэтыя пасхальныя дні паводле грыгарыянскага календара супадаюць з Вялікім Тыднем Пакутаў Хрыстовых паводле календара юльянскага. Гэта значыць, што хрысціяне розных традыцый маюць магчымасць глыбока задумацца над каштоўнасцю гэтых збаўчых падзей Ісуса Хрыста – Ягонага распяцця, пахавання, Уваскрасення.

 

Уваскрослы Хрыстос прыйшоў да Сваіх вучняў у вечар Уваскрасення з прывітаннем "Мір вам!". І гэтае прывітанне хрысціянскія Цэрквы розных традыцый і абрадаў прынялі як прывітанне ў рамках Багаслужэнняў – "Мір усім", "Мір з вамі". Разумеем, што гэта вялікі Дар Божы – Божы мір для чалавека.

 

Апостал Павел павучае нас, што мір Божы – гэта вялікі дар для тых, хто ўжо ўвайшоў у мір з Богам. Толькі той чалавек, які прымірыўся з Богам, які пакаяўся і атрымаў дар прабачэння і моцы Духа Святога для новага жыцця, можа сам ацаніць дар міру Божага і дзяліцца з іншымі – проста быць носьбітам міру, дабра, надзеі, любові ў канктрэтным жыцці: ва ўвазе, якую звяртае на іншага чалавека, у разуменні каштоўнасці свайго паклікання, у любові да Бога, да Царквы, да Бацькаўшчыны, да канкрэтных людзей, якіх сустракае.

 

Усё гэта – вялікае нашае Пакліканне. Яно няпростае, але Хрыстос, калі прыйшоў з прывітаннем "Мір вам", дадаў далей "прыміце Духа Святога". Хрысціянін пражывае жыццё ў святле Крыжа і Ўваскрасення, і ў моцы Духа Святога.

 

Наш вялікі духоўны настаўнік, святы Кірыла Тураўскі, звяртаў увагу на тое, што Ісус Уваскрослы прыносіць нам шмат дабротаў, якія можам выкарыстаць у нашым жыцці. Да гэтых дабротаў належыць, напэўна, нашая беларуская мова, беларуская культура, любоў да нашай зямлі.

 

Няхай, сапраўды, час святаў Уваскрасення Хрыстовага гэтую нашую любоў яшчэ больш умацоўвае і прыносіць нам духовую радасць.

 

Хрыстос Уваскрос – сапраўды Ўваскрос!


+Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі адміністратар

Мінск, Пасха Хрыстовая 2023 г.

 

На фота абразок 18 ст. з іканастаса грэка-каталіцкай царквы ў в. Аброва Івацэвіцкага р-на. Захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

(Фота са стужкі даследчыцы Галіны Флікоп-Світы).


Вярнуцца назад