Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Знак прысутнасьці Бога

Знак прысутнасьці Бога


18.10.2008.
Лк 8,26-39

Дарагія браты і сёстры! Часам у жыцьці стаецца так, што аздараўленьне і вялікая радасьць аднаго чалавека можа выклікаць незадавальненьне і абурэньне іншага.

У сёньняшнім Евангельлі Ісус Хрыстос аб’яўляе сваю вялікую сілу, любоў і міласэрнасьць. Ён аздараўляе беднага, няшчаснага чалавека, які ўжо доўгі час вельмі цярпеў, бо быў апанаваны дэманамі. Ісус Хрыстос звальняе бедалагу ад гэтага праклёну. Беднае, змучанае стварэньне Божае атрымлівае палёгку, невычэрпную радасьць, жаданне жыць і служыць Богу. О, як жа гэта цудоўна! Але, нажаль,адначасна, мы можам пабачыць пастухоў сьвіней, якія не вельмі былі задаваленыя такімі пераменамі. Аздараўленьне апанаванага не выклікала ў іх радасьці, але, наадварот, абурэньне, бо ў выніку гэтага яны загубілі сваё стада. Яны так і не пабачылі ў цудоўным аздараўленьні знаку прысутнасьці магутнага Бога. Яны пабачылі проста збыткі. Незадаволеныя пастухі і жыхары горада, занепакоеныя стратай, не прыймаюць Хрыста, больш таго, просяць Яго адысьці.

Дарагія браты і сёстры! Кожны з нас ёсьць пакліканы да сьвятасьці, кожны з нас ёсьць пакліканы да адданага служэньня Богу і бліжняму. Гэта ёсьць самае галоўнае ў нашым жыцьці. Але давайце мы паспрабуем заглянуць ў сваё ўласнае жыцьцё. Можа часам мы становімся падобнымі да тых пастухоў?! Можа часам і ў нас перамога Бога, навяртаньне і аздараўленьне іншага чалавека выклікае непаразуменьне, сумнівы і зайздрасьць? Ці заўсёды ў служэньні іншаму чалавеку мы можам пабачыць знакі прысутнасьці вялікага Ўладара, ці можа найперш бачым знакі матэріяльных збыткаў і затрачанага вольнага часу?! І, увогуле, як далёка мы мусім ісьці ў служэньні Богу? Дзе тая мяжа, калі мы павінны сказаць “стоп”? Напэўна, кожны ведае, што такой межы няма, што мы мусім ісьці да Бога пакуль у нас ёсьць сілы, пакуль астатні подых не пакіне нас. Але чаму ж тады так шмат слёзаў на вачах людзей, чаму ж так шмат заблукшых сэрдцаў не знаходзіць пацехі. Можа, у сьвеце мала гарачых хрысьціянскіх сардэц…? А можа, проста, ёсьць шмат хрысьціянаў, якія прыпыніліся дзесьці там перад мяжою матэрыяльных выгодаў?!!

Вярнуцца назад