Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пастырскае слова Архімандрыта Сяргея (Гаека) Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі
Пастырскае слова Архімандрыта Сяргея (Гаека) Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі30.03.2023. |
|
Сёння, 30 сакавіка 2023 г., Яго Святасць Папа Францішак заснаваў (эрыгаваў) Апостальскую Адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і адначасова прызначыў мяне Ардынарыем гэтай жа Апостальскай Адміністратуры. Гэтая гістарычная падзея заахвочвае нас выказаць Святому Айцу Францішку найглыбейшую падзяку ўсёй Сулучнасці (Пліромы) нашай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
У гэты гістарычны дзень дзякуем Міласэрнаму Госпаду, што такім чынам нястомныя душпастырскія намаганні нашых вернікаў, святароў, дыяканаў, семінарыстаў, манахаў і манахінняў дзеля аднаўлення душпастырскага жыцьця беларускіх грэка-католікаў, якія пачаліся ў 1988 годзе, атрымліваюць новае кананічнае вымярэнне.
Дзякуем Найсвяцейшай Багародзіцы і святым Беларускай Зямлі за іх заступніцтва.
Гэты блаславёны кананічны крок прыпадае на дзень, у які ў гэтым годзе ў Беларусі мы адзначаем памяць пабожнага спачыну святога Мятода, Апостала і першага біскупа славян.
Стварэнне Апостальскай Адміністратуры візантыйскага абраду ў Беларусі ў год святкавання 1160-годдзя пачатку Місіі святых Кірыла і Мятода да славян заклікае нас памятаць пра часы Еднасці паміж Усходняй і Заходняй Цэрквамі; таксама пра першыя стагоддзі хрысціянізацыі Беларускіх Зямель.
Гэтае пастырскае рашэнне Папы Францішка заахвочвае нас працягваць у духу братэрства згоднае сведчанне Евангелля ў нашай Бацькаўшчыне.
Каштоўная візантыйская, літургічная і духоўная, традыцыя нашых земляў, якой нашыя бацькі жылі ў поўнай Еднасці з Рымскім Апостальскім Пасадам, натхняе нас сёння да крэатыўнай (творчай) евангелізацыі. Мы хочам дасягнуць гэтага ў сімфоніі з братамі лацінскай традыцыі і ў сінэргіі з хрысціянамі іншых канфесій.
Давяраемся вашым малітвам
Мінск, 30 сакавіка 2023 Памяць св. Мятода Мараўскага
+Архім. Сяргей Гаек Апостальскі Адміністратар Вярнуцца назад |