Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Мінску ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў адбудзецца экуменічнае набажэнства

У Мінску ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў адбудзецца экуменічнае набажэнства


20.01.2023.

У Мінску ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў адбудзецца экуменічнае набажэнстваУ суботу 21 студзеня ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў межах Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў пройдзе экуменічнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.


Малітву ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пачатак у 19.15.

 

Экуменічнаму набажэнству ў галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі будзе папярэднічаць святая Імша ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў, якая распачнецца ў 18.30.

 

Прамая трансляцыя святой Імшы і экуменічнага набажэнства будзе весціся на партале Catholic.by.

 

 

Традыцыйна Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў праходзіць ва ўсім свеце з 18 па 25 студзеня. Тэмай сёлетняга экуменічнага тыдня сталі словы з кнігі прарока Ісаі: «Рабіце дабро, шукайце справядлівасці» (Іс 1, 17).

 

Выбар тэмы для Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў на 2023 год і падрыхтоўку матэрыялаў ажыццявіла група хрысціянаў са Злучаных Штатаў Амерыкі, скліканая Радай Цэркваў Мінэсоты і зацверджаная Сусветнай радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.

 

Члены рэдакцыйнай групы з Мінэсоты спадзяюцца, што іх асабісты досвед паслужыць сведчаннем пра пераадоленне прадузятасці і супрацоўніцтва вельмі розных супольнасцяў.

 

Падрыхтаваныя матэрыялы адлюстроўваюць моцнае жаданне, каб мы як хрысціяне ажыццяўлялі Божы дар адзінства, выкаранялі падзелы, якія перашкаджаюць нам зразумець і пазнаць той факт, што ўсе мы належым Хрысту.

 

Сімвал ракі (вады) мае вялікае культурнае значэнне для жыхароў Мінэсоты. Рака і вада сімвалізавалі адначасова жыццё і смерць — генацыд — у розныя моманты гісторыі насельніцтва гэтага рэгіёну.

 

Вада мае таксама тэалагічнае і літургічнае значэнне. Тыдзень малітваў аб адзінстве хрысціянаў у Паўночным паўшар’і адзначаецца ў студзені, неўзабаве пасля таго, як у многіх традыцыях згадваецца Хрост Пана.

 

Сімвалічнае і тэалагічнае значэнне мае таксама камень. Кінуты ў кагосьці, ён можа забіць, але яго таксама выкарыстоўваюць для пазначэння нейкага важнага месца, для ўвекавечвання пэўнай падзеі або для будоўлі. Мы самі з’яўляемся жывымі камянямі, які складаюць духоўны дом — Касцёл (пар. 1 П 2, 4).

 

Сувязь паміж каменем і вадою ў карэнных жыхароў Мінэсоты датычыцца каштоўнасці жыцця. Вада — гэта жыццё, а камяні сімвалізуюць святасць зямлі, па якой прайшло шмат пакаленняў.

 

Падчас набажэнства будуць выкарыстаныя два гэтыя сімвалы: вада, якая азначае наш хрост, і камень, які звязаны з нашай гісторыяй.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад