Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “На многія леты!”

“На многія леты!”


30.09.2008.
“На многія леты!”
Уладыка Антоні Дзям'янка адзначыў 10-годдзе біскупскай хіратоніі

29 верасьня 2008 г., ва ўрачыстасьць сьвятых Арханёлаў Міхала, Гаўрыіла і Рафала (у лацінскім абрадзе), у мінскай катэдры Біскуп Антоні Дзям'янка ўзначаліў сьвятую Імшу як падзяку за 10 гадоў біскупскага служэньня. Саслужылі сьв. Імшу Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Марцін Відавіч, Біскупы Аляксандар Кашкевіч з Гродна, Уладзіслаў Блін з Віцебска, Казімір Велікаселец з Пінску і Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Сярод шматлікіх сьвятароў з усіх дыяцэзіяў Беларусі, што ўдзельнічалі у канцэлебрацыі, былі і грэка-каталіцкія сьвятары а. Андрэй Абламейка і а. Пахом Кавалёў з Цэнтральна-Заходняга Дэканату і а. Зьміцер Грышан і а. Алесь Шаўцоў з Усходняга Дэканату БГКЦ.

“На многія леты!”
Ва ўрачыстасьці ўдзельнічала таксама дэлегацыя Беларускай Праваслаўнай Царквы, якую ўзначаліў протаярэй Аляксандр Шымбалёў.

На пачатку сьв. Імшы да Юбіляра зьвярнуўся Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі - Ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі Біскуп Аляксандр Кашкевіч: «Біскуп Антоні, 10 гадоў таму Ты чарговы раз сказаў Хрысту словы біблейскага Самуэля: „Я тут, ты клікаў мяне“. І з дапамогай Хрыста, Добрага Пастыра, ты выплыў на глыбіню і закінуў сеці, каб лавіць чалавечыя душы. (...) Сёньня мы разам з Табою сьпяваем гімн „Цябе, Бога, праслаўляем“. Няхай падтрымлівае Цябе ў тваім служэньні апека сьвятога Міхала, Маці Божай Навагрудскай і навагрудскіх Мучаніц — благаслаўлёных Сясьцёр Назарэтанак».

“На многія леты!”
Казаньне прамовіў Ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Біскуп Уладзіслаў Блін, які, між іншым, сказаў: «Біскуп Антоні заўсёды імкнецца быць „alter Christus“, заўсёды ідзе за Хрыстом. Калі мы адказваем на пакліканьне, мы ўскладаем на сябе абавязак служыць другому чалавеку. Біскуп Антоні верна выконвае гэты абавязак. Ён працуе, не шкадуючы сілаў, заўсёды клапоціцца пра Божае Валадарства і ў гэтым зьяўляецца добрым прыкладам для іншых, бо кожны з нас павінен палаць любоўю да Бога».

Напрыканцы сьв. Імшы Архімандрыт Сяргей павіншаваў Уладыку Антонія з Юбілеем ад імя ўсёй БГКЦ, а айцы Андрэй Абламейка і Алесь Шаўцоў уручылі яму сімвалічны дар – першыя асобнікі кніжкі Манс. Кшыштафа Ніткевіча “На шляхах Божай Міласэрнасьці” пра Блаславёнага Міхала Сапоцьку, для пашырэньня пашаны якога Біскуп Антоні прыклаў шмат намаганьняў.

Зачытана было таксама віншаваньне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ня меў магчымасьці прысутнічаць на ўрачыстасьці.

З нагоды Юбілею Біскуп Антоні атрымаў шматлікія віншаваньні ад братоў у сьвятарстве, прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, вернікаў.

Ніжэй зьмяшчаем тэкст Віншавальнага Ліста Апостальскага Нунцыя (захоўваем арфаграфію арыгінала).


Мінск, 29 верасня 2008 г.

Эксцэленцыя,
Найдастойнейшы Ксёндз Біскуп Антоні,


Я шчаслівы, што ў сённяшні дзень я магу скіраваць словы прывітання і віншавання да Найшаноўнейшага Юбіляра Ксяндза Біскупа Антонія Дзям’янкі, які адзначае дзесятую гадавіну біскупскіх пасвячэнняў, атрыманых 29 верасня 1998 года. 4 ліпеня таго ж самага года Слуга Божы Ян Павел Вялікі прызначыў Эксцэленцыю дапаможным Біскупам Гродзенскай Дыяцэзіі лацінскага абраду і надаў тытул біскупскай сталіцы Лесві. Святы Айцец меў вялікі давер да маладога святара, які ўжо ва ўзросце 20 гадоў быў высвячаны на прэзбітэра і, нягледзячы на перашкоды, выбраў дарогу служэння Касцёлу і быў гатовы рэалізаваць свае намеры, складаючы любую ахвяру.

Я хацеў бы пераслаць Эксцэленцыі найлепшыя і ад сэрца зыходзячыя пажаданні з нагоды сённяшняй гадавіны прыняцця біскупскіх пасвячэнняў. Зычу шматлікіх Божых ласкаў, моцнага здароўя і шмат сілаў у спаўненні пастырскай паслугі Касцёлу на ўлюбленнай Беларусі, як рабіў гэта раней ў Гродзенскім Касцёле, так і цяпер у Касцёле Мінскім і Магілёўскім. Няхай дух адзінства, які выходзіць з дэвізу герба Ксяндза Біскупа «Ut unum sint», стала ўзмацняецца і прыцягвае шмат людзей да наследавання Адкупіцеля чалавека ў еднасці і братэрскай любові. Няхай Езус Хрыстус, Найвышэйшы і Вечны Святар, напаўняе Шаноўнага Юбіляра мудрасцю і энергіяй у такой важнай місіі евангелізацыі, а Найсвяцейшая Дзева Марыя, Маці Пана Езуса і Маці Святароў, няхай заўсёды атуляе Сваёй Мацярынскай Апекай.

З вялікай радасцю прагну паведаміць, што Святы Айцец удзяляе Ксяндзу Біскупу, сям’і, сябрам, святарам і ўсім вернікам, якія яднаюцца на сённяшняй урачыстасці, Апостальскага Благаслаўлення.

З найлепшымі пажаданнямі і братэрскім прывітаннем
у Хрысце Пану, Добрым Пастыры.
Арцыбіскуп Марцін Відавіч,
Апостальскі Нунцый у Беларусі



Некаторыя даты з біяграфіі Біскупа Антонія Дзям’янкі:
 
Антоні Дзям’янка нарадзіўся 1 студзеня 1960 г. у в. Заброддзе ў парафіі Дзераўная Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Пасля заканчэньня сярэдняй школы не атрымаў дазволу ад дзяржаўных уладаў на паступленьне ў Рыжскую духоўную семінарыю. Сьвятарскую фармацыю праходзіў пад кіраўніцтвам доктара тэалагічных навук, кс. пралата Вацлава Пянткоўскага, тагачаснага генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі.
28 кастрычніка 1980 г. быў высьвячаны на сьвятара.
Да 26 красавіка 1985 г. ня меў афіцыйнага дазволу ад дзяржаўных уладаў на сьвятарскае служэньне і працаваў закрыстыянінам і арганістам.
У 1982-1984 гг. быў прызваны на вайсковую службу, якую праходзіў у Запаляр’і Мурманскай вобласьці.
З 1984 г. па 1998 г. — пробашч парафіі ў Навагрудку.
З 1992 г. вучыўся ў Інстытуце сям’і Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве, якую закончыў у 1996 г., атрымаўшы тытул магістра тэалогіі.
4 ліпеня 1998 г Сьвяты Айцец Ян Павел прызначыў яго дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскупская кансэкрацыя (хіратонія) адбылася 29 верасьня 1998 г. у Гродне, зьдзейсніў якую кардынал Казімір Свёнтэк.
З 1998 па 2004 г. зьяўляўся Генеральным вікарыем Гродзенскай дыяцэзіі, пробашчам катэдральнай парафіі і рэктарам Духоўнай семінарыі ў Гродне.
Абраны Генеральным сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Старшынём Рад па справах Літургіі, Сям’і і Дабрачыннай дзейнасьці.
14 сьнежня 2004 г. Папа Ян Павел II прызначыў яго дапаможным біскупам для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, вызваліўшы ад абавязкаў дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.
14 чэрвеня 2006 г. Сьвяты Айцец Бенядыкт XVI прызначыў Біскупа Антонія Дзям’янку Апостальскім Адміністратарам sede vacante i ad nutum Sanctae Sedis Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.


Падрыхтавана на падставе матэрыялаў і фотаздымкаў сайта www.catholic.by

Вярнуцца назад