Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > ПЯТАЯ НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

ПЯТАЯ НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ


28.03.2009.
ПАСЛУЖЫЦЬ І ЖЫЦЬЦЁ АДДАЦЬ (5-я нядзеля Вялікага Посту, успамін пачэснае маці нашае Марыі Ягіпецкай)


(Мк 10, 32-45; Габ 9, 11-14 )

Дарагія браты, дарагія сёстры!


1. Сёньня мы зьяўляемся сьведкамі канфлікту, які ўзьнікае паміж вучнямі Ісуса Хрыста падчас іх падарожжа. Прыглядзімся, што адбываецца: Ісус ідзе ў Ерусалім. Вучні неахвотна, а нават з жахам, цягнуцца за ім. Яны вельмі добра ведаюць аб небясьпецы, якая чакае Ісуса ў Ерусаліме, а значыць і ўсіх вучняў. Уся іх істота бунтуецца: не разумее і не прымае такое рашэньне Настаўніка. Ісус жа ўжо ў трэці раз (у Евангельлі паводле Марка) тлумачыць, што Ён мае быць выдадзены на сьмерць і на трэці дзень уваскрэснуць. Вучні быццам бы ня чуюць гэтых слоў. Ці палястынскае сонца ў той дзень паліла з асаблівай моцай, і мары, якія яны мелі перад сваіма вачыма, былі больш рэальным, чым тое, што казаў Ісус?..

Падыходзяць Якаў ды Ян і просяць пра першыя месцы (па правым і левым баку) каля Ісуса. Госпад лагодна скіроўвае іх думкі ізноў да тэмы сьмерці: “Ня ведаеце, чаго просіце; ці-ж можаце піць чару, якую п’ю Я, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?” (Мк 10, 38). Келіх ды абмыцьцё вадою (хрышчэньне) – гэта сімвалы-знакі мучаніцтва добра вядомыя вучням са Старога Запавету. Напэўна можна перафразаваць словы Госпада наступным чынам: ня ведаеце, чаго просіце; ці вы можаце ісьці дарогай мучаніцтва, як Я? Магчыма Госпад меркаваў, што думкі аб мучаніцтве і сьмерці вярнуць вучняў на цьвёрдую глебу рэчаіснасьці, дапамогуць па-іншаму асэнсаваць вартасьць зямной славы…

2. Хто ж можа адказаць на такое пытаньне (аб мучаніцтве і сьмерці) без глыбокага папярэдняга разважаньня? Ня ведаем, ці Якаў з Янам зразумелі Ісуса ў той момант, аднак яны бодра адказваюць Яму: “Можам!” Госпад не зьвяртае ўвагі на дзёрскасьць і неабдуманасьць гэтых слоў; ведаючы, што амаль усе Ягоныя вучні прымуць мучаніцкую сьмерць, Ён згаджаецца з імі. Працягваючы гаварыць да іх, Ісус кажа таксама сваё “але”: “Сесьці ў Мяне з правага боку і з левага – ня Мне даваць, але каму прыгатавана” (Мк 10, 40). Госпад не запярэчвае, што існуюць пачэсныя месцы, каля Яго ў Божым Валадарстве, аднак чарговы раз хоча падкрэсліць, што ярархія ў Божым Валадарстве зусім іншая. Бачачы абурэньне з боку іншых вучняў на сваіх таварышаў, Ісус падрабязна тлумачыць, як можна заняць першыя месцы.

3. Ён Сам, Настаўнік, “прыйшоў не каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю на выкупленьне многіх” (Мк 10, 45), таму ёсьць толькі адзін спосаб быць побач Ісуса (праваруч і леваруч ад Яго) – “хто хоча стацца першым між вамі, хай будзе слугою ўсіх” (Мк 10, 44).

Дарагія браты, дарагія сёстры... Так цяжка быць слугою нават аднаго блізкага чалавека! Хто можа сказаць пра сябе, што ён слуга сваёй жонкі, што яна слуга свайму мужу? Ці мы можам сказаць, што мы слугі сваіх бацькоў?

Служыць іншаму чалавеку ня проста: трэба ж не чакаць ад яго падзякі; ці не чакаць таго, каб ён ацаніў, што ВЫ для яго зрабілі. Калі мы любім і служым, то мы ідзем шляхам мучаніцтва. Ці мы сьвядомыя гэтага і ці мы гэта жадаем?

Вярнуцца назад