Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Ватыкан выпусціць марку да 30-годдзя дыпадносін з Беларуссю

Ватыкан выпусціць марку да 30-годдзя дыпадносін з Беларуссю


9.11.2022.

Ватыкан выпусціць марку да 30-годдзя дыпадносін з БеларуссюНумізматычна-філатэлістычы аддзел Дзяржавы Ватыкан анансаваў выпуск васьмі новых марак, прысвечаных розным падзеям з жыцця Касцёла. Яны з’явяцца 16 лістапада.

 

Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, новыя маркі Ватыканскай пошты будуць прысвечаны: сёлетняй урачыстасці Божага Нараджэння; падарожжам Папы Францішка ў 2021 годзе; 900-ай гадавіне пачатку будаўніцтва катэдры ў італьянскай П’ячэнцы; 150-годдзю нараджэння італьянскага благаслаўлёнага Паўла Маны; 300-годдзю абвяшчэння святога Ізыдара Доктарам Касцёла; 400-годдзю рымскага Палаца Іспаніі, у якім месціцца пасольства Іспаніі пры Святым Пасадзе; 30-годдзю аднаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і Мексікай; 30-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Пасадам.

 

У ніжняй частцы маркі, прысвечанай гадавіне ватыканска-беларускіх дыпадносін, змешчаны надпіс на італьянскай мове, над ім раскрытая кніга, на старонках якой знаходзяцца выявы дзяржаўных гербаў.

 

Кошт паштовага знака складае 1,25 еўра.

 

Нагадаем, што дыпламатычныя адносіны паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь былі ўстаноўленыя 11 лістапада 1992 года. Першыя два гады Апостальская нунцыятура дзейнічала ў Ватыкане, і толькі 18 мая 1994 года яна была перанесена ў Мінск.

На працягу трыццаці гадоў Святы Пасад у Беларусі прадстаўлялі нунцыі Габрыэль Мантальва Ігэра, Агосціно Маркетта, Дамінік Грушоўскі, Іван Юркавіч, Марцін Відавіч, Клаўдыё Гуджэроцці і Габар Пінтэр. 21 мая 2020 года Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі харвацкага арцыбіскупа Антэ Ёзіча.

 

Сёння Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 180-ю дзяржавамі.

 

Паводле Catholic.by / Vatican News


Вярнуцца назад