Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У гадавіну пачатку Вялікай айчыннай вайны мітрапаліт Юзаф Станеўскі маліўся за ўсіх палеглых

У гадавіну пачатку Вялікай айчыннай вайны мітрапаліт Юзаф Станеўскі маліўся за ўсіх палеглых


23.06.2022.

У гадавіну пачатку Вялікай айчыннай вайны мітрапаліт Юзаф Станеўскі маліўся за ўсіх палеглых22 чэрвеня, у 81-ю гадавіну пачатку Вялікай айчыннай вайны, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў касцёл святога Сымона і святой Алены ў Мінску, дзе памаліўся за ўсіх палеглых.


Адмысловае набажэнства ў дзень пачатку Вялікай айчыннай вайны адбылося па просьбе дзяржаўных уладаў.

 

Апоўдні арцыбіскуп Станеўскі ў суправаджэнні пробашча сталічнай парафіі святога Сымона і святой Алены ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка скіраваўся да Звана Нагасакі, усталяванага на прыкасцёльным цвінтары, і ўласнаручна ўдарыў антываенны набат супраць усіх войнаў, што і сёння раздзіраюць чалавецтва.

 

У Чырвоным касцёле іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі міру і за ўсіх ахвяраў войнаў. Сваю гамілію арцыбіскуп Станеўскі распачаў вершам беларускага паэта Пімена Панчанкі «Калі пачалася вайна…»

 

«Сёння ўспамінаем жудасць вайны, знішчэнні і перадусім смерць нявінных, загінулых і параненых. Успамінаем пра боль, а марым і думаем аб міры. Мір — гэта аб’ект самых глыбокіх жаданняў кожнага чалавека»,— адзначыў іерарх. Ён дадаў, што «чым больш чалавек усведамляе небяспеку, якая пагражае міру, тым больш ён прагне спакою, гэта значыць хоча не толькі жыцця, вольнага ад войнаў і канфліктаў, але і паўнавартаснага, шчаслівага і добра рэалізаванага жыцця».

 

«Аднак супакой, якога прагнуць людзі, па розных прычынах далікатны і ўразлівы. У сувязі з гэтым важна ведаць, як казаў святы Папа Ян XXIII, што намаганні чалавека па захаванні міру часам бываюць недастатковымі. Таму людзі павінны разумець, што мір — гэта дар ад Бога», — сцвердзіў арцыпастыр, зазначыўшы, што гэты «Божы дар міру прыходзіць да нас найперш праз наша чалавечае сэрца».

Іерарх нагадаў вучэнне Святога Пісання, паводле якога сэрца вызначае адносіны чалавека з Богам і з іншым чалавекам.

 

«Гэта не толькі сімвал эмацыянальнасці, але і сумлення, перакананасці, ладу мыслення, якога прытрымліваецца чалавек. Дзякуючы сэрцу чалавек адчувальны да абсалютных каштоўнасцяў дабра, да справядлівасці, братэрства і міру. З гэтага пункту гледжання сэрца — гэта месца, дзе пануе спакой або трывога.

 

Няма спакою для загубленага сэрца, калі яго не перамяніць.

 

Калі няма сапраўднай перамены сэрца, унутраны спакой заўсёды будзе нядоўгім», — падкрэсліў арцыпастыр.

 

Фота: Кс. Юрый Ясевіч / Catholic.by


Вярнуцца назад