Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > УРАЧЫСТАСЦЬ У ГОНАР МАЦІ БОЖАЙ ЖЫРОВІЦКАЙ АДЗНАЧЫЛІ Ў СЛОНІМЕ
УРАЧЫСТАСЦЬ У ГОНАР МАЦІ БОЖАЙ ЖЫРОВІЦКАЙ АДЗНАЧЫЛІ Ў СЛОНІМЕ11.05.2022. |
|
У святыні, дзе ў галоўным алтары знаходзіцца копія абраза Маці Божай Жыровіцкай, сабраліся шматлікія мясцовыя жыхары і госці. Прыбылі таксама пілігрымы з Івацэвічаў і Брэста.
У Імшы ўдзельнічалі мясцовыя рыма-каталіцкія святары на чале з дэканам Слонімскага дэканату кс. Аляксандрам Рудзевічам і грэка-каталіцкае духавенства на чале з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам.
Каранацыя іконы папскімі каронамі адбылася ў 1730 г. На той час былі вядомыя тры выявы Жыровіцкай іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі: каменная, якая цудоўным чынам з’явілася ў XV стагоддзі і знаходзілася ў Жыровічах; ікона-фрэска з базыльянскага касцёла святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме; мастацкая копія рымскай іконы-фрэскі, напісаная на палатне.
Гэтая трэцяя ікона была даслана з Рыма ў Жыровічы і каранавана папскімі каронамі. Пасля доўгай і складанай гісторыі цяпер яна ўшаноўваецца ў слонімскім касцёле.
Жыровіцкі абраз праславіўся шматлікімі ласкамі, якія атрымлівалі верныя хрысціяне, што прасілі заступніцтва Маці Божай у розных сітуацыях свайго жыцця. Рэха гэтых ласкаў і цудаў дайшло да Рыма, дзе рашэнне “ўскласці на галаву Богадзіцяці Езуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцах у храме айцоў Ордэна св. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны” было прынята ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бэнэдыкта ХІII. Але сама каранацыя мела месца ўжо падчас пантыфікату яго наступніка, Папы Клімента XII.
Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
На працягу стагоддзяў перад цудатворным абразом маліліся грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці еднасці хрысціянаў. Гэтая пабожная традыцыя жыве і ў нашыя дні.
Сапраўды вельмі радасны факт, што перад гэтай каранаванай іконай сёння моляццa разам вернікі розных традыцый, усходняй і заходняй.
Вярнуцца назад |