Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пiлiгрымка
Пiлiгрымка12.09.2008. |
![]() Маці Божая Барунская, Суцяшальніца ўсіх засмучаных, маліся за нас! Сьветлай памяці Айцец Ян Матусевіч пачынаючы з 1979 па 1990 год служыў пробашчам рыма-каталіцкай парафіі ў Барунах. Сёлета, калі споўнілася 10 гадоў, як ён адышоў з гэтага сьвету, мы выправіліся ў пілігрымку да Маці Божай Барунскай, каб падзякаваць Госпаду за дар айца – нашага першага пробашча і дэкана… Субота, 6 верасьня, выдалася сонечная і вельмі пагодная. Паўтара дзясятка чалавек сабраліся каля нашага Цэнтра сьв. Язэпа, настрой, як і надвор’е, быў сонечны. Пасьля кароткай малітвы на двух машынах мы выправіліся ў бок Валожына. Нашая парафіянка Ірына Коваль ласкава згадзілася быць нашай экскурсаводкай і, як высьветлілася пазьней, бліскуча справілася з гэтым. У Валожыне нас сустрэў пробашч рыма-каталіцкай парафіі сьв. Язэпа кс. Генрык Акалатовіч. Ён распавёў коратка гісторыю касьцёла і парафіі. Мы перад галоўным алтаром засьпявалі “Апякунку” і пайшлі троху зьведаць горад – палац Тышкевічаў, Валожынскі ешыбод… Пасьля мы выправіліся ў Вішнева. Вішнева для мяне зьвязана, перад усім, зь імем нашага Вялікага сучасьніка – вечнай памяці айца Ўладыслава Чарняўскага МІС – руплівага душпастыра, перакладчыка Бібліі і літургічных тэкстаў, Беларуса – сапраўды з вялікай літары. Але Вішнева зьвязана яшчэ са шматлікімі імёнамі – апошнія гады тут правёў Сымон Будны, пахавана Канстанцыя Буйло, нарадзілася Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы, з Вішнева паходзіць Шымон Пэрэс (Сямён Перскі). Касьцёл у Вішневе быў пабудаваны ў пачатку XV стагодзьдзя Храптовічамі. Каля касьцёла адбылася нечаканая сустрэча – Алесь Лось з жонкай, Васіль Грынь, Васіль Явід і група моладзі ачышчаюць Сьвятую крынічку, якой ужо 500 гадоў і якая за саветамі была цалкам ужо забруджана. Памаліўшыся ў касьцёле і на магілцы айца Ўладыслава, атрымаўшы блаславеньне ад цяперашняга пробашча парафіі ксяндза Ўладыслава “маладога”, мы паехалі далей. Гальшаны навеялі мяшаныя пачуцьці. Гонар за мінулае – род Гальшанскіх, Зофья Гальшанская – жонка Ягайлы, пачатак дынастыі Ягелонаў, Сапегі – замак, касьцёл і кляштар. Сорам за сучаснае, можа, не сорам, а туга, можа, не туга, але ціхае шчамлівае пачуцьцё ў сэрцы менавіта за сябе і сваё пакаленьне – руіны замка, шыльда паведамляе нам што гэта менавіта “руіны” і зараджаецца падазрэньне, што замкам гэта ніколі не стане, а так і застанецца руінамі. Абшарпаны будынак кляштара з “самаўпэўненай” шыльдай “Філіял Нацыянальнага музэя Рэспублікі Беларусь”, ах, як цяжка заходзіць у яго пасьля замкаў і музэяў Польшы і Чэхіі. Айцы Францішкане пусьцілі нас у касьцёл, пробашч распавёў кароткую гісторыю кляштара і парафіі. Мы ўжо традыцыйна для нашай пілігрымкі засьпявалі “Апякунку” і рушылі на Баруны. Паколькі дзень быў сонечны, Баруны мы ўбачылі кіламетраў за восем. Велічная базыліка была бачная, як на далоні. Пробашч парафіі а. Люцыян Дамброўскі SDB вельмі ўсьцешыўся, пачуўшы, што мы прыехалі да Маці Божай памаліцца з падзякай за айца Яна і дазволіў нам адслужыць Акафіст перад Яе цудатворнай іконай. Касьцельная гаспадыня, якая асабіста ведала і добра памятае айца Яна Матусевіча, проста расплакалася. Мы маліліся, маліліся з падзякай за нашую Грэка-Каталіцкую Царкву, за тое, што Госпад чыніць праз яе на працягу стагодзьдзяў для Беларускага Народу, за айца Яна і ўсіх нашых сьвятароў якія служылі і служаць сёньня ў нашай Царкве, за манахаў і манахіняў, якія ахвяраваліся і сёньня ахвяруюцца для Бога, за нашых продкаў вуніятаў, грэка-католікаў, якія змаглі захаваць і перадаць нам Веру Хрыстовую. Мы маліліся, маліліся з просьбай, каб Госпад за заступніцтвам Сваёй Маці дараваў нам Ласку адраджэньня, новыя пакліканьні да сьвятарства, пакліканьні да манаства, адбудову храмаў і што найважнейшае для нас высьвячэньне свайго Біскупа, які б меў поўню Апостальскай улады ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве сёньня… Пасьля Акафіста мы спусціліся ў лёхі царквы, дзе напіліся і ўмыліся вадой з цудатворнай Крыніцы. Падчас малітвы Госпад даў перакананьне таго, што Ён не пакіне сваёй Царквы, што дасьць усё патрэбнае для адраджэньня. Калі пазьней мы стаялі каля разваленага будынка грэка-каталіцкага кляштара аа. Базыліянаў, у сэрцы была Надзея, што гэта ўжо не “руіны”, абавязкова Ласка Божая адродзіць нас… Вярнуліся мы да дому праз Крэва, дзе яшчэ правялі якую гадзіну. Прыемныя уражаньні, добры настрой і самае галоўнае – Надзея былі ў нашых сэрцах… ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() ![]() Вярнуцца назад |