Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Агульнагарадскі Крыжовы шлях з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша прайшоў у Мінску
Агульнагарадскі Крыжовы шлях з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша прайшоў у Мінску14.04.2022. |
|
Распачаў і ўзначаліў шэсце на ўспамін Мукі Пана арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з ім маліліся Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і пробашч Залатагорскай парафіі ксёндз канонік Юрый Санько.
На заканчэнне набажэнства арцыбіскуп Кандрусевіч сказаў: «Крыжовы шлях, які мы прайшлі — гэта не толькі сентыментальны ўспамін, але рэчаіснасць жыцця кожнага чалавека. Як 20 стагоддзяў таму ў гісторыі з Езусам, так і сёння праўда асуджаецца на смерць. Сваімі грахамі, асуджэннем праўды і несправядлівасцю мы прыбіваем Езуса да Крыжа», — падкрэсліў іерарх.
Просім Цябе, дапамажы нам распазнаць Тваё аблічча ў час духоўнай цемры грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне і вайны ва Украіне.Сваім Уваскрасеннем цемру Вялікай пятніцы Ты перамяніў у святло Велікоднага світання. Перамяні цемру сучаснасці, у якой мы знаходзімся, у святло новай надзеі. Няхай пасланнем сённяшняга набажэнства Крыжовага шляху будзе заклік да ўзаемнай любові і прабачэння, каб больш ніколі не было несправядлівасці, гвалту і вайны», — узнёс просьбу да Укрыжаванага заслужаны іерарх, пасля чаго ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў залатагорскай святыні.
У той самы вечар у касцёле на Залатой Горцы стартаваў XVII фестываль духоўнай музыкі «Залатагорская ліра», аргкамітэт якога ўзначальвае кампазітар Вікатр Кісцень.
У якасці першага твора ў выкананні парафіяльнага хора «Голас душы» з мінскага касцёла святога Сымона і святой Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай-Пешак і ансамбля салістаў «Te Deum» у вялікую сераду прагучаў сусветна вядомы твор Джаванні Батысты Пергалезі Stabat Mater на словы старадаўняга касцёльнага твору, у якім у паэтычна форме апавядаецца пра цярпенні Маці Божай пад Крыжам Сына. Партыю аргана выканала галоўная арганістка касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы Ганна Горбач.
Фестываль на Залатой Горцы працягнецца пасля Вялікадня музычным цыклам Эрыка Вітакра «The Sacred Veil» («Святы вэлюм») на тэксты Чарльза Энтані Сільвестры. Беларуская прэм’ера гэтага твору абяцае стаць значнай падзеяй не толькі ў духоўным жыцці Залатагоскай парафіі, але і ў культурным жыцці Беларусі.
Наогул, сёлета ў фестывальнай праграме шмат цікавых нумароў на любы густ, і пробашч парафіі ксёндз Юрый Санько шчыра запрашае ўсіх ахвотных на канцэрты фестывалю «Залатагорская ліра».
Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by Вярнуцца назад |