Два гады таму мы пісалі пра экстрэмальны Крыжовы шлях — незвычайную малітоўную ініцыятыву польскіх католікаў. Цяпер узяць удзел у такім набажэнстве можна і ў Беларусі.
Як паведамляе Catholicnews.by, экстрэмальны Крыжовы шлях пройдзе ў ноч з 8 на 9 красавіка па маршруце Удзела (Глыбоцкі раён) – Варапаева (Пастаўскі раён), што складае каля 40 км.
Арганізуюць незвычайнае начное набажэнства ў экстрэмальных умовах айцы францішкане.
Крыжовы шлях распачнецца 8 красавіка а 21-й гадзіне святой Імшой у касцёле ў Удзеле, а завершыцца раніцай наступнага дня ў Варапаеве, дзе з 7-й да 9-й гадзіны прадугледжана снеданне і раз’езд.
- Кошт: добраахвотнае ахвяраванне
- Кожны ўдзельнік атрымае:
- раздрукаваныя разважанні або падрыхтаваную аўдыёверсію
- мапу маршруту
- снеданне ў Варапаеве
- транспарт з Варапаева да Удзела (удзельнікі, якія прыедуць здалёк, могуць пакінуць свае аўто на паркоўцы пры кляштары ў Удзеле)
Што такое экстрэмальны Крыжовы шлях?
- ЭКШ — экстрэмальны Крыжовы шлях. Экстрэмальны, таму што ўначы трэба пераадолець маршрут не менш за 40 км. У самотнасці і ў засяроджанасці. Ніякіх размоў і пікнікоў.
- ЭКШ — гэта выклік. У гэтым выкліку самае галоўнае — дайсці да мяжы болю. Пакуль усё астатняе не скажа: чаму я не дома, у цёплым ложку? Той, хто пераадолее гэта ў сабе, пакідае зону камфорту. Гэта адкрывае новыя выклікі і дае шанц прыняць яшчэ адно рашэнне — змяніць жыццё.
- ЭКШ — гэта барацьба. Калі ўжо немагчыма пазбегнуць знясіленасці і стомленасці, чалавек усведамляе, што менавіта вера з’яўляецца сілай, каб ісці далей.
- ЭКШ — гэта сустрэча з Ім. Цішыня, малітва, медытацыя, доўгі начны шлях — усё гэта толькі для таго, каб сустрэць Бога, а не для іншай мэты.
Як падрыхтавацца да ЭКШ?
- Кожны ўдзельнік атрымае раздрукаваную мапу маршруту.
- Можна пайсці ў ЭКШ самастойна або ў складзе невялікай групы. У любым выпадку, удзельнікі абавязаны захоўваць цішыню падчас усяго шляху. 14 прыпынкаў на малітву і разважанні стацый адбываюцца ў вызначаных месцах.
- Для ЭКШ падрыхтаваны спецыяльныя разважанні.
- Кожны ўдзельнік, які вырушыць у ЭКШ, нясе асабісты крыж, падрыхтаваны загадзя.
- ЭКШ — гэта не пілігрымка. Па-першае, на шляху няма афіцыйнага суправаджэння. Кожны змагаецца сам, каб пераадолець гэты шлях. Па-другое, сутнасць ЭКШ не заключаецца ў тым, каб ісці з нейкай інтэнцыяй, але ў тым, каб змяніць сваё жыццё.
- Для ЭКШ трэба падабраць адпаведнае адзеннне і абутак, каб быць падрыхтаваным на любое надвор’е: снег, дождж, бруд і г.д.
Хто можа ўдзельнічаць у ЭКШ?
- Дарослыя, паўналетняя моладзь, а таксама асобы 16+ са сваім апекуном і дазволам ад бацькоў.
- Людзі розных веравызнанняў. Гэта выклік для людзей, якія шукаюць у жыцці нешта большае — сэнс і новую ідэю для сябе.
- ЭКШ з’яўляецца адпаведнай прапановай для людзей, якія шмат працуюць і якім цяжка знайсці час для сябе і сваёй душы.
- Арганізатары не раяць удзельнічаць асобам, якія думаюць, што калі ім не хопіць сіл, то нехта дапаможа.
Паводле: Catholicnews.by / Catholic.by
Вярнуцца назад
|