Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > У Львове з удзелам спецыяльнага пасланніка Папы Францішка адбылася экуменічная малітва за мір

У Львове з удзелам спецыяльнага пасланніка Папы Францішка адбылася экуменічная малітва за мір


11.03.2022.

У Львове з удзелам спецыяльнага пасланніка Папы Францішка адбылася экуменічная малітва за мірУ чацвер 10 сакавіка ў мітрапалітальнай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Львове адбылася экуменічная малітва за Украіну, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі розных канфесій і рэлігій.

 

Набажэнства ўзначаліў спецыяльны пасланнік Папы Францішка кардынал Конрад Краеўскі, Папскі элемазінарый, які прыехаў у ахопленую вайной Украіну, каб прынесці благаслаўленне і дапамогу ад Святога Айца.

 

Як паведаміў Каталіцкі медыя-цэнтр Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне kmc.media, да малітвы ў старадаўняй львоўскай катэдры далучыліся Першавярхоўны Арцыбіскуп Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Святаслаў Шаўчук, Мітрапаліт львоўскі арцыбіскуп Мечыслаў Макшыцкі, іншыя іерархі Каталіцкага Касцёла, Грэка-Каталіцкай Царквы і Праваслаўных Цэркваў, дыякан Армянскай Царквы, прадстаўнікі пратэстанцкіх супольнасцяў і юдэйскага рэлігійнага аб’яднання.

 

Падчас набажэнства кардынал Краеўскі падкрэсліў важнасць спынення вайны.

 

«Папа Францішак выказвае сваю салідарнасць украінскаму народу і запэўнівае ў пастаяннай малітве за мір ва Украіне. Божа нашых айцоў, вялікі і міласэрны Божа жыцця і супакою, Ойча ўсіх людзей, Табе даспадобы мір, а не вайна; любоў, а не нянавіць: няхай жа спыніцца вайна! Ты спаслаў свайго Сына Езуса Хрыста абвяшчаць мір і яднаць усіх Божых дзяцей. Няхай скончыцца вайна! Навярні сэрцы тых, хто нясе адказнасць за лёсы народаў. Няхай плод Святога Духа прынясе новае натхненне для міру. Ойча, няхай настане час міру і спакою. Няхай ужо не будзе вайны!» — маліўся прадстаўнік Папы ў львоўскай катэдры.

 

У экуменічным набажэнстве ўзялі ўдзел таксама прадстаўнікі мясцовай улады.

 

Паводле: Каталіцкі медыя-цэнтр Канферэнцыі рыма-каталіцкіх біскупаў ва Украіне, Алена Нікалаевіч, Раман Балук, Аляксей Саўранскі, kmc.media, Catholic.by


Вярнуцца назад