Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Святы Пасад: бамбардзіроўка дзіцячай бальніцы непрымальная

Святы Пасад: бамбардзіроўка дзіцячай бальніцы непрымальная


11.03.2022.

Святы Пасад: бамбардзіроўка дзіцячай бальніцы непрымальнаяДзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін выказаў абурэнне ў сувязі з бамбардзіроўкай дзіцячай бальніцы ва ўкраінскім Марыупалі, а таксама запэўніў у гатоўнасці Святога Пасаду пасярэднічаць у вырашэнні канфлікту паміж Расіяй і Украінай.

 

«Бамбардзіроўка дзіцячай бальніцы з’яўляецца непрымальнай і беспрычыннай», — сказаў кардынал Дзяржсакратар падчас сустрэчы з журналістамі, каментуючы паведамленне пра расійскі авіяцыйны ўдар па бальніцы з радзільным і педыятрычным аддзяленнем у Марыупалі.

 

Як паведаміла 10 сакавіка Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, кардынал Паралін заўважыў, што прастора для перамоў з’яўляецца абмежаванай, аднак выказаў спадзяванне на тое, што ўсё ж атрымаецца прыйсці да перагаворнай пазіцыі.

 

Гаворачы пра тэлефонную размову з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, кардынал Дзяржсакратар канстатаваў, што яна не прынесла ніякіх гарантый, у прыватнасці не было пачута запэўнення адносна гуманітарных калідораў.

 

Іерарх пацвердзіў, што Святы Пасад гатовы зрабіць крокі на дыпламатычным фронце, каб знайсці рашэнне, здольнае пакласці канец вайне.

 

Ён заклікаў спыніць канфлікт і наладзіць перамовы, выказаўшы гатоўнасць да пасярэдніцтва, калі яно зможа дапамагчы, але патрэбна, каб быў адпаведны зварот.

 

Прысутнасць ва Украіне двух кардыналаў — Апостальскага элемазінарыя Конрада Краеўскага і часовага прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека Майкла Чэрны — Дзяржсакратар назваў знакам таго, што Папа хоча зрабіць унёсак не толькі на дыпламатычным і духоўным узроўні, але таксама на гуманітарным.

 

Каментуючы нядаўнія словы Патрыярха Маскоўскага Кірыла, кардынал Паралін заўважыў, што яны «не спрыяюць і не падтрымліваюць згоды, а, наадварот, нясуць рызыку далейшага распальвання настрояў, ведучы да эскалацыі, што не дапамагае вырашэнню крызіса мірным шляхам».

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад