Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Божае слова – невычарпальная крыніца жыцця
Божае слова – невычарпальная крыніца жыцця13.02.2022. |
|
Божае слова – гэта дрэва жыцця, якое з кожнай галіны дае табе блаславёны плод. Яно як тая адкрытая скала на пустыні, якая ўсім давала духоўны напой. «Усе, – кажа Апостал, – пілі духоўны напой, пілі з духоўнай скалы» (пар. 1 Кар 10, 4).
Калі хто-небудзь зможа зразумець частку гэтых багаццяў, няхай не думае, што ў Божым слове знаходзіцца толькі тое, што ён сам знайшоў, але няхай ведае, што сярод многіх скарбаў толькі гэта яму ўдалося ўбачыць. Няхай не кажа, што слова слабое і нядужае, і няхай ім не пагарджае, таму што толькі дробная частка стала яго лёсам, лепш няхай, няздольны да поўнага разумення, праслаўляе Бога за Яго бясконцасць. Таму радуйся насычэннем, а не сумуй, што багацце слова пераўзыходзіць твае жаданні. Хто прагне, той п’е з радасцю і не сумуе, што не можа выпіць крыніцы. Лепш няхай крыніца перавышае тваё жаданне, чым жаданне вычарпае крыніцу. Калі наталіш прагу без вычарпання крыніцы, можаш піць з яе зноў, як толькі запрагнеш. Калі ж з наталеннем прагі вычарпалася і крыніца, то такая перамога над ёй стала б для цябе няшчасцем.
Таму дзякуй за тое, што засталося. Тое, чаго ты дасягнуў і забраў – ужо твая ўласнасць, а тое, што засталося, чакае цябе. Тое, чаго ты не мог з прычыны слабасці атрымаць адразу, атрымаеш пазней, калі вытрываеш. Не імкніся неразважліва адразу зразумець тое, чаго такім чынам зразумець немагчыма, і не адыходзь з прычыны сваёй ляноты ад таго, чаго можна дасягнуць толькі паступова.
Св. Ахрэм Сірын Паводле тэлеграм-канала "Грэка-католкі Беларусі" Вярнуцца назад |