Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > НЯДЗЕЛЯ КРЫЖАПАКЛОННАЯ

НЯДЗЕЛЯ КРЫЖАПАКЛОННАЯ


26.03.2022.
Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, і сьвятое Ўваскрасеньне Тваё славім. Нядзеля Крыжапаклонная. Трэцяя нядзеля Вялікага посту.


(Мк 8, 34 - 9,1; Габ 4, 14 – 5, 6)

Нядзеля Крыжапаклонная – гэта сярэдзіна посту, паколькі прайшло тры тыдні і засталося тры, але гэта яшчэ і кульмінацыя духоўнага перажываньня Вялікага посту. Наша традыцыя дае нам магчымасьць “вырвацца на вяршыню”, азірнуцца, убачыць той шлях, які мы прайшлі за тры тыдні і паразважаць над тым, як прайсьці наступныя тры. Убачыць Крыжовую дарогу нашага Збавіцеля і сам Крыж Гасподні, пакланіцца Яму, але ў перспектыве Ўваскрасеньня і Славы Хрыста.

Крыжу Твайму пакланяемся, Уладару наш, – як знаку Тваіх пакутаў і Твайго цярпеньня, як знаку Тваёй чалавечнасьці, – а гэта азначае прысутнасьці у гісторыі чалавецтва і асабіста ў маім жыцьці (пар. 1 Кар 15, 22). Сьвятое Ўваскрасеньне Тваё славім – таму што Ты захацеў памерці за нас, таму што перамог сьмерць, а яшчэ таму, што з Табою і я маю ўваскрасеньне (пар. 2 Кар 4, 14) для жыцьця вечнага.

На жаль, сёння не для ўсіх гэта так, як і ў часы апостала Паўла, крыж для адных – згоршаньне, а для іншых – глупства (пар. 1 Кар 1, 23). Для адных Хрысьціянства – гэта наша культурная спадчына: архітэктура, жывапіс і музыка, а таксама пост, як “здаровы лад жыцьця”. Для іншых Хрысьціянства – збор правілаў, якія ў прынцыпе добрыя, таму што трымаюць грамадства ў стабільнасьці і парадку.

Хрысьціянству – так.

...Але Крыж... пост... Споведзь... у нядзелю ў Храм, як вам сказаць? Не, нас не вучылі, мы выраслі ў савецкія часы...

...Але першым папрасіць прабачэньня... заўважыць патрэбу бліжняга... адмовіцца ад сваёй прэтэнзіі, ну, як вам сказаць? Ну, а яны, яны першымі змогуць?...а мяне, мяне хто-небудзь заўважыць?... для мяне, хто-небудзь адрачэцца ад сябе?...

Ужо. Заўважыў і адрокся.

Хрыстос.

Хрысьціянства не можа быць без Хрыста, дзеля нас Ён адрокся ад Сябе і аддаў Сваё Жыцьцё (пар. Флп 2, 6-8). Больш таго, Ісус Хрыстос прапануе нам прайсьці з Ім і Ягоны шлях да Валадарства Нябеснага – “хто хоча ісьці за Мною, хай зрачэцца сябе, і вазьме крыж свой, і ідзе за Мною сьледам” (Мк 8, 34). Хай не бянтэжыць вас тое, што трэба “узяць крыж свой”. Па-першае: Хрыстос прапануе нам шлях, якім Сам прайшоў, а па-другое, як піша Тэафан Затворнік, “за Госпадам–Крыжаносцам нельга ісьці без свайго крыжа”. Калі ж мы сумняемся, адкажам сабе яшчэ на два пытаньні: “Якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць? Які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?” (Мк 8, 36-37)

Хрыстос не змушае нас, але прапануе, бо гэта павінен быць свабодны выбар, мы павінны вырашыць для сябе: ці з Ім мы, ці не. Калі так, то пачнем гэты шлях, і “несьці крыж наш” будзем у пакоры і цярплівасьці, бачачы перад сабою Хрыста і ведаючы, што Крыжовая дарога абавязкова скончыцца Ўваскрасеньнем.

Так, як і ў часы Хрыста, так і цяпер, людзі не зьмяніліся, і сёньня можна назваць людзей “родам гэтым распусным і грэшным” (Мк 8, 38) і мы, хрысьціяне, пакліканыя сьведчыць Хрыста Ўкрыжаванага і Хрыста Ўваскрослага. Нам не трэба саромецца, калі ў нас нешта не атрымліваецца, ці мы не так выглядаем у вачах гэтага сьвету, ці нас не хочуць слухаць – мы пакліканыя сьведчыць, а гэта азначае шчыра і адкрыта ісьці за Хрыстом, падаць і ўставаць, плакаць, калі баліць, радавацца, калі што-небудзь атрымліваецца, і самае галоўнае – нікога не асуджаць, бо гэта я сам павінен несьці свой крыж і на гэтай дарозе мяне ўмацоўвае Сам Госпад (пар. Мк 9, 1).

Вярнуцца назад