Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Біскуп Алег Буткевіч віншуе праваслаўных братоў і сясцёр са святам Раства Хрыстова
Біскуп Алег Буткевіч віншуе праваслаўных братоў і сясцёр са святам Раства Хрыстова10.01.2022. |
|
Яго Высокапраасвяшчэнству Ваша Высокапраасвяшчэнства! «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!»(Лк 2, 14). Сёння гэты спеў анёльскіх хораў асаблівым чынам гучыць у Праваслаўных храмах на ўшанаванне Хрыстовага Раства. Таму дазвольце ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў і ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі скіраваць Вам, а ў Вашай асобе — усім вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы шчырае віншаванне з гэтым прыгожым і ўзнёслым Святам. Нараджэнне Збаўцы чалавечага роду — гэта падзея, якая датычыцца кожнага чалавека ў гэтым свеце. Таму Свята Хрыстовага Нараджэння, як ніякае іншае, мае ў сабе моц яднання. Асаблівым чынам сёння неба яднаецца з зямлёю ў таямніцы Слова, якое «сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Няхай Яно натхняе нас шукаць таго, што нас аб’ядноўвае, каб радасць, якую разам чэрпаем з Бэтлеемскіх ясляў, дапамагала іншым знаходзіць дарогу да Хрыста, падобна зорцы, што асвятляла шлях Мудрацам з Усходу. Няхай жа заступніцтва Прасвятой Багародзіцы і Яе праведнага Абранніка дапаможа нам захаваць гэтую радасць у цяперашні няпросты час і напоўніць сэрцы ўсіх жыхароў нашай роднай Бацькаўшчыны спакоем і адвагай перад абліччам жыццёвых выпрабаванняў, няхай умацуе іх у веры і надзеі, дазваляючы адчуць бязмежнасць Міласэрнай Любові Хрыста, які праз Бэтлеемскія яслі назаўсёды ўвайшоў у гісторыю чалавечага жыцця. Здароў’я, міру, поспеху і Божага благаслаўлення! З братняй любоўю ў Госпадзе, ✠ Алег Буткевіч
Паводле Catholic.by Вярнуцца назад |