Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 8 жніўня 2021 г. - 95 год ад дня нараджэння а. Аляксандра Надсана

8 жніўня 2021 г. - 95 год ад дня нараджэння а. Аляксандра Надсана


8.08.2021.

8 жніўня 2021 г. - 95 год ад дня нараджэння  а. Аляксандра НадсанаУ грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях у малітве ўзгадана мітрафорнага протаіерэя Александра Надсана ды ягонае служэнне для дабра Царквы і беларускага народа.

 
У МІНСКУ падзячну Літургію ў парафіі Святога Духа (у ніжнім храме Чырвонага касцёла) у 11:00 гадз. адслужыў дэкан Цэнтральнага Дэканата протапрэзбітар Андрэй Абламейка.

У ВІЦЕБСКУ Боскую Літургію ў храме парафіі Уваскрасення Хрыстовага ў 10:00 г. узначаліў архім. Сяргей (Гаек) у саслужэнні кліра віцебскіх парафій.     

У ВАРШАВЕ супольнасць беларускіх грэка-католікаў дзякавала Госпаду за служэнне а. Аляксандра на ніве духоўнай, культурнай і грамадскай у малітве Акафісту ў храме Айцоў Базыльянаў. 

У ЛОНДАНЕ, у грэка-каталіцкім храме св. Кірылы Тураўскага, Боскую Літургію ўзначаліў Уладыка Кэнэт (Kenneth), біскуп украінскай грэка-каталіцкай Епархіі св. Сям'і ў Вялікабрытаніі, у прысутнасці Апостальскага Нунцыя ў Злучаным Каралеўстве Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Пасля Літургіі з дакладам выступіла Н. Гардзіенка.

 

+ + +


Алякса́ндр На́дсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Гарадзеі ў сям’і настаўнікаў. У 1943 скончыў настаўніцкую семінарыю ў Нясвіжы. З 1944 года — на эміграцыі. Магістр багаслоўя рымскай грэцкай калегіі (1953-58). У 1958 годзе прыняў святарскае свячанні. У ліпені 1959 года вярнуўся з Рыма ў Вялікабрытанію. Дырэктар школы-інтэрнату імя Кірылы Тураўскага пры Беларускай каталіцкай місіі (1966-75).  Рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі (з 1981). Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы (з 30 чэрвеня 1986). Старшыня брытанскага Камітэта дапамогі ахвярам Чарнобыля (з 1989). Ганаровы доктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня).

Айцец Аляксандар пераклаў з грэцкай і славянскай моў на беларускую значную частку корпуса ўсходніх літургічных тэкстаў. Ён укладальнік малітоўніка «Госпаду памолімся» (2002), які з’яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай Царквы. Аўтар больш за 250 навуковых публікацый, кніг па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускага хрысціянства ХХ ст. Вызначыў год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), а таксама расчытаў і ўвёў у навуковы ўжытак аль-кітабы беларускіх татараў.Адышоў у вечнасць 15 красавіка 2015 г. у Лондане.


Вярнуцца назад