Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 20 ліпеня - успамін Прарока Ільлі, мужа веры і малітвы

20 ліпеня - успамін Прарока Ільлі, мужа веры і малітвы


20.07.2021.

20 ліпеня - успамін Прарока Ільлі, мужа веры і малітвыПаводле традыцыі ў гэты дзень асьвячаюцца аўтамабілі, гэта дзень асаблівай малітвы за кіроўцаў.

 
Прарок Ільля у хрысьціянстве зьяўляецца адным з самых шанаваных старазапаветных сьвятых. Паходзіў з Цішбэ ў Галаадзе, што на ўсход ад ракі Ярдан і на поўнач ад Мёртвага мора (сёньня на тэрыторыі Ярданіі). Жыў у ІХ стагоддзі перад Хрыстом у часы цара Ізраіля Ахаба і ягонай жонкі Ізабэль.Гэты прарок у Сьвятым Пісьме паказаны як чалавек, цалкам адданы Богу. Быў бескампрамісным абаронцам адзінабожжа, які абараняў ізраільскі народ ад рэлігійнага сінкрэтызму. Быў таксама мужам веры і малітвы. На гары Харыў быў абдараваны глыбокім перажываньнем прысутнасьці Бога.

 

+ + +


Сьветач нязгасны царкоўны, распалены боскай руплівасьцю, Ільля прароча, ты зачыніў дождж з неба, і быў кормлены воранам, выкрыў крывадушнасьць цара, і ілжывых прарокаў умярцьвіў; ты загадаў агню зыйсьці з неба і забіў двух нязбожных начальнікаў; накарміў удосталь удаву аліваю і малою жменяю мукі, і сына яе малітваю ўваскрасіў; на вадзе ты запаліў агонь, і Ярдан, быццам па сушы, перайшоў; і, ўзьнёсшыся на вогненнай калясьніцы да неба, даў Елісею падвойную ласку. Маліся безустанку Богу за збаўленьне душ нашых.

Прыйдзіце, верныя, каб, сабраўшыся ў сьвятыні пачэсных прарокаў, засьпяваць стройную песьню на славу Хрыста Бога нашага, які праславіў іх; радасна ў вясельлі ўсклікнем: Радуйся, зямны анёле, і чалавеча нябесны, Ільля знамяніты; радуйся, пачэсны Елісею, што атрымаў ад Бога падвойную ласку. Радуйцеся, добрыя заступнікі, абаронцы і лекары душ і целаў Хрысталюбных людзей. Ад усякай напасьці варожай і непрыхільных абставін, і ад усіх бедаў выбаўце тых, што з вераю спраўляюць урачыста памяць вашу.


Вярнуцца назад