Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 13 ліпеня - дзень мучаніцкай смерці блаславёнай Мар'яны Бярнацкай

13 ліпеня - дзень мучаніцкай смерці блаславёнай Мар'яны Бярнацкай


13.07.2021.

13 ліпеня - дзень мучаніцкай смерці блаславёнай Мар'яны Бярнацкай13 ліпеня 1943 года за 10 кіламетраў ад Гродна каля Навумавічаў на старых фартах часоў I Сусветнай вайны нямецкія нацысты расстралялі блаславёную Мар’яну Бярнацкую разам з сынам і іншымі 48 жыхарамі Ліпска.

Мар’яна з роду Чакала нарадзілася ў 1888 годзе ў Сапоцкінскім краі каля Гродна, у мястэчку Ліпск (цяпер — Польшча), у сям’і ўніятаў, прымусова запісаных у праваслаўе, якія на справе захоўвалі каталіцкую веру. Ліпск належаў да былога ўніяцкага Аўгустоўскага дэканата, які ахопліваў таксама паўночную частку сённяшняга Гродзенскага раёна і ўваходзіў у склад Холмскай уніяцкай епархіі. Епархія праіснавала да 1875 года, і гэта адзіны рэгіён сённяшняй Беларусі, у якім уніяцкія парафіі не былі знішчаныя пасля гэтак званага Полацкага “сабору” 1839 года. Вядома, што ў Ліпску ўніяты, зачыніўшыся ў царкве, доўгі час не пускалі царскіх чыноўнікаў і праваслаўнага святара, якім удалося забраць святыню толькі з дапамогай казацкіх нагаек.

У 1905 годзе, пасля выдання царскага ўказу пра верацярпімасць, у 17-гадовым узросце Мар’яна разам са сваімі бацькамі перайшла ў каталіцтва лацінскага абраду. Ва ўзросце 20-ці гадоў выйшла замуж за Людвіка Бярнацкага. Пара мела шасцёра дзяцей, чацвёра з якіх памерлі адразу пасля нараджэння. У 1929 годзе, пасля смерці мужа, жанчына пасялілася ў свайго сына Станіслава, які праз 10 гадоў ажаніўся з Ганнай Шымчык. З той пары Мар’яна дзяліла сваю штодзённасць з маладым сужэнствам, праяўляючы да яго асаблівы клопат, мацярынскую любоў і зычлівасць.

Жыццё блаславёнай было напоўнена верай, любоўю, малітвай, працай і цярпеннем. Шмат часу яна прысвячала Богу. Выключнай пашанай ахінала Маці Божую, рэгулярна ўдзельнічала ў марыйных набажэнствах. Не разлучалася з ружанцам. Ён займаў асаблівае месца ў жыцці жанчыны: быў для блаславёнай крыніцай, якая развівала любоў да Бога і бліжняга.

Самае вялікае выпрабаванне для сям’і Бярнацкіх адбылося на мяжы чэрвеня і ліпеня 1943 года падчас масавых арыштаў жыхароў Ліпска і ваколіц, што было помстай гітлераўцаў за забіццё партызанамі нямецкага салдата. У спісе асуджаных аказаўся таксама сын Мар’яны і яго жонка Ганна. Калі жанчына пачула загад нямецкага салдата, упала яму ў ногі і маліла, каб той выратаваў яе цяжарную нявестку: “Пане, а куды ж яна пойдзе? Пакіньце, я пайду за яе”. Салдат згадзіўся. Яшчэ амаль два тыдні яна правяла ў вязніцы ў Гродне і, як адзначаюць тыя, хто выжыў, увесь час заставалася спакойнай і шчыра малілася, была ўзорам веры і моцнага духу для іншых вязняў (сярод якіх было і 6 ксяндзоў). Мар’яну Бярнацкую разам з сынам і іншых 48 жыхароў Ліпска расстралялі 13 ліпеня 1943 года за 10 кіламетраў ад Гродна каля Навумавічаў на старых фартах часоў I Сусветнай вайны. Усяго падчас расстрэлаў каля Навумавічаў былі забітыя каля двухсот чалавек.

Прыклад жыцця блаславёнай Мар’яны Бярнацкай – гэта ўзор духоўнага жыцця звычайнай вясковай жанчыны, якая ў цяжкі час ваеннага ліхалецця аказалася гатовай адкрыта вызнаць сваю веру, засведчыць сваю любоў да Бога і бліжняга і якая за гэтае вызнанне не пабаялася аддаць сваё жыццё. Яна з’яўляецца для нас прыкладам і заахвочваннем да мужнага вызнання Хрыста і ў нашыя часы.

Станіслаў Бятко, праўнук блаславёнай Мар’яны, згадвае, што калі быў малым хлопцам, яго бабуля Ганна Бярнацкая і цёця Леакадзія Чаркоўская часта расказвалі пра яе. “Гэта была простая, ціхая, пакорная і працавітая жанчына, адданая сваім блізкім. Бог і родны дом былі для яе цэлым сусветам”.

13 чэрвеня 1999 года Папа Ян Павел ІІ у ліку 108 новамучанікаў ІІ Сусветнай вайны абвясціў блаславёнай Мар’яну Бярнацкую. “Мы адзначаем перамогу тых, хто ў нашым стагоддзі аддаў жыццё для Хрыста. Аддаў зямное жыццё, каб атрымаць яго навечна ў Божай славе. Таму мы слушна імкнёмся за іх прыкладам верна крочыць за Ісусам”, – гаварыў Святы Айцец у гаміліі падчас беатыфікацыйнай урачыстасці.

 

Паводле тэлеграм каналу "Грэка-католікі Беларусі"


Вярнуцца назад