Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Армяна-каталіцкую Царкву Дома Кілікійскага часова ўзначаліў архібіскуп Бутрас Мараяці

Армяна-каталіцкую Царкву Дома Кілікійскага часова ўзначаліў архібіскуп Бутрас Мараяці


29.05.2021.

Армяна-каталіцкую Царкву Дома Кілікійскага часова ўзначаліў архібіскуп Бутрас МараяціЧасовым апостальскім адміністратарам Армяна-каталіцкай Царквы Дома Кілікійскага прызначаны архібіскуп сірыйскага Алепа Бутрас Мараяці. Кіраўнік гэтай каталіцкай царквы ўсходняга абраду патрыярх Рыгор Бедрас ХХ Габраян памёр 25 траўня на 87-м годзе жыцця.

 

Прызначэнне архібіскупа Мараяці, пра што было абвешчана ўвечары 26 траўня, было ажыццёўлена ў адпаведнасці з артыкулам 127 Кодэкса канонаў Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, які абвяшчае, што ў перыяд вакантнага патрыяршага пасаду адміністратарам становіцца «найстарэйшы па хіратоніі біскуп сярод членаў Патрыярхавае курыі, а ў выпадку адсутнасці такой, сярод членаў пастаяннага сінода».


Галоўная задача часовага адміністратара - склікаць сабор Армяна-каталіцкай Царквы, на якім будзе абраны новы патрыярх.


Бутрас Мараяці нарадзіўся ў Алепа ў 1948 годзе, ў 1971 стаў святаром, а ў 1990 - армяна-каталіцкім біскупам свайго роднага горада.


На працягу шматгадовага збройнага канфлікту ў Сірыі, калі Алепа стала арэнай жорсткіх баёў паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі - у тым ліку джыхадзістаў - архібіскуп заставаўся разам са сваёй супольнасцю.

 

Паводле https://sib-catholic.ru/


Вярнуцца назад