Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Пій XII дапамагаў габрэям

Папа Пій XII дапамагаў габрэям


30.04.2021.

Папа Пій XII дапамагаў габрэямТысячы габрэяў звярталіся па дапамогу да Пія XII. Гісторыкі вывучаюць матэрыялы пантыфікату часоў вайны. 

 

Нямецкі гісторык Губерт Вольф з Мюнстэра разам з групай іншых гісторыкаў адшукаў у ватыканскіх архівах каля 15 тысяч лістоў-петыцый ад габрэяў з усёй Еўропы, якія звярталіся да Папы Пія ХІІ аб дапамозе ў сувязі з пераследам нацыстамі.


«Гэтыя лісты з’яўляюцца значнымі асабістымі гісторыямі, якія ўзрушваюць сведчаннямі пра пераслед, цярпенні і жах падчас кіравання нацыстаў», — адзначыў Вольф у інтэрв’ю нямецкаму каталіцкаму выданню Herder Korrespondenz.

 

«Святы Пасад рэагаваў на заклікі аб дапамозе, калі гэта было магчыма, напрыклад, дапамагаючы фінансава, ежай або даючы сховішча», — падкрэсліў гісторык.

 

Як паведамляе deon.pl са спасылкай на Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, часам Папа дапамагаў з візамі, з грашыма на падарожжа за акіян, каб людзі маглі пазбегнуць дэпартацыі ў лагеры, якія неслі смерць. Гістарычныя крыніцы паказалі, што Папа Пій ХІІ сам прачытаў мноства петыцый і асабіста прымаў рашэнні аб дапамозе.

 

У інтэрв’ю нямецкі гісторык падрабязна апавядае аб просьбе групы габрэяў, якім удалося ўцячы з Партугаліі ў Бразілію.

 

«Папа сам паклапаціўся аб атрыманні віз для іх. Апостальскі Нунцый у Партугаліі асабіста суправаджаў гэтую групу, у тым ліку дзяцей, да порта ў Лісабоне, адкуль яны маглі адплысці ў Рыо-дэ-Жанейра»,— сцвердзіў Губерт Вольф.

 

Дакументы, адкрытыя групай гісторыкаў пад кіраўніцтвам Вольфа, знаходзяцца ў архівах, звязаных з Пантыфікатам Пія ХІІ (1939–1958), якія год таму Ватыкан адкрыў для даследвання.

«Ацэнка гэтых лістоў, як таксама ўсіх новых даступных архіўных матэрыялаў, усё яшчэ ў зачаткавым стане», — адзначыў гісторык.

 

Губерт Вольф паведаміў, што лісты габрэяў апублікуе ў інтэрнэце.

 

Гісторык падкрэслівае неабходнасць вывучэння як мага большай колькасці біяграфій аўтараў лістоў, што «патрабуе дапамогі і падтрымкі ўсіх зацікаўленых».

 

Нямецкі гісторык Губерт Вольф і яго каманда — адны з першых навукоўцаў, якія ў пачатку сакавіка 2020 года змаглі ўбачыць у Ватыкане матэрыялы на тэму пантыфікату Папы Пія ХІІ.

 

Паводле: deon.pl / Пераклад і адаптацыя: Валянціна Грамыка / Catholic.by


Вярнуцца назад