Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Віншаванні архімандрыта Сяргея Яго Блаславенству Святаславу

Віншаванні архімандрыта Сяргея Яго Блаславенству Святаславу


29.03.2021.

Віншаванні архімандрыта Сяргея Яго Блаславенству Святаславу27 сакавіка 2021 г. споўнілася 10 год ад уступлення на пасад Вярхоўнага Архібіскупа Кіева-Галіцкага Яго Блаславенства Святаслава (Шаўчка), Першаіерарха Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.


27 і 28 сакавіка 2021 асаблівыя малітвы за Яго Блаславенства Святаслава прагучалі ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі.


З нагоды Юбілею Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей (Гаек) 

накіраваў Дастойнаму Юбіляру віншавальны ліст.

 

+ + +


Мінск, 27 сакавіка 2021 году Божага

№ 21.038/Е


Яго Блаславенства Найдастойны СВЯТАСЛАЎ

Першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы

Кіеў, Украіна


Ваша Блаславенства, Найдастойны Патрыярх Святаслаў!


Ад імя духавенства і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы вельмі шчыра віншуем Вас – Першаіерарха Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы –  з 10-годдзем Вашага патрыяршага служэння.

У шчырай малітве дзякуем Хрысту Чалавекалюбцу за Вашае Служэнне, з блаславёных пладоў якога карыстаецца і нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. 


Дзякуем Вам за нястомны працяг сапраўды каталіцкага “бязмежнага подзвігу салідарнасці”, якім прайшлі праведный мітрапаліт Андрэй, нязломны вызнаўца веры патрыярх Іосіф, руплівы архіпастыр Міраслаў-Іван ды асабліва блізкі нам “мужна цярплівы” Любамір.


Калі ўзгадваем 425 гадоў Берасцейскай Уніі, стараемся асэнсаваць яе - супольную для нас – спадчыну ды ў Царкоўнай Сулучнасці (Communio Ecclesiarum) быць мудрымі і мужнымі сведкамі Евангелля радасці (Evangelii gaudium).

Вялікі Вам дзякуй за Ваш крэатыўны прыклад і Вашую шчодрую, духоўную падтрымку.


Жадаем Вам багатых дароў міру, радасці, веры, надзеі ды любові Хрыста Чалавекалюбца. 

Хрыстос сярод нас – і ёсць і будзе!


+Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)

Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.

 



Вярнуцца назад