Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Вербніца: Уваход Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Ерусалім

Вербніца: Уваход Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Ерусалім


1.04.2023.
Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!

Так віталі Госпада, які ўваходзіў Ерусалім, натоўпы народа. З гэтага дня пачынаецца іншае вымярэньне часу ў Ерусаліме. Ён пачынае перажываць містэрыю ўваходу ў сьмерць самога Жыцьця і пераходу да жыцьця з глыбіняў сьмерці…

І гэты пераход пачынаецца з ухвальных воклічаў натоўпу, які, пазьней, не абароніць, не будзе спагадаць у бальшыні сваёй Збаўцу, калі ён будзе ісьці на Галготу. Энтузіястычны натоўп разумее што Валадар, якога ён вітае якраз ідзе ўсталяваць сваё Валадарства, але не ўсьведамляе, якое гэта будзе Валадарства. Не разумее таго, што ў гэтыя дні праводзіцца мяжа паміж гэтым новым Валадарствам Любові і валадарствам цемры, гэтага сьвету, граху. Багата тых, каторыя вітаюць Уладара, апынуцца па-за межамі Валадарства.

Бо чакалі яны іншага… Сьвецкай магутнасьці, моцы. Уздыму пачуцьцяў… Хрыстос жа прапанаваў не тое. Хрыстос выбраў пакуты, крыж, сьмерць. Ці ж можа гэта быць папулярным. А перад гэтым, незразумелым для шмат каго цярпеньнем, Хрыстос, ад якога чакалі крокаў, скіраваных на вызваленьне ад чужынцаў, лупцуе сваіх і гоніць іх са Сьвятыні. Ці ж гэта ўчынкі Месіі ізраільскага?..

Але ж Ён сьцьвердзіў адзіны шлях да збаўленьня праз Крыж. Часта мы шукаем у рэлігіі заспакаеньня, самарэалізацыі, душэўнай утульнасьці, але не гэта прапануе нам Хрыстос. Крыж, крыжовы шлях… Пакуты…

Іншая рэч, як мы іх успрымаем. Бо пакуты самі ў сабе не апраўдваюць нас. Не збаўляюць. Калі яны перажываюцца не з Хрыстом. Бо Ягоныя пакуты і сьмерць на крыжы былі скіраваныя на выпраўленьне людзкой натуры. Таксама і нашыя цярпеньні мусяць быць скіраваныя на аднаўленьне ў сабе вобразу Божага і Ягонай падобы. Бо ў так перажытых цярпеньнях мы далучаны да Пасхі Хрыстовай, да Ягонага пераходу ў сьмерць і цераз яе ў жыцьцё. Калі не ідзем да Жыцьця, навошта пакутваць.

Маем перавагу над тымі людзьмі, што віталі Хрыста ў нядзелю Ягонага Уваходу ў Ерусалім, бо ведаем дзе Ягонае Валадарства, ведаем, як яго асягнуць, і ведаем, што калі пойдзем разам з Хрыстом, то пераможам.

І каб зразумець нам таямніцу гэтага шляху праз цярпеньне да Жыцьця на працягу гэтага тыдня будзем зыходзіць разам з Госпадам да Ягонай сьмерці праз крыж, каб разам з ім калісьці ўзысьці ўваскрослымі на Неба. Амін!

Вярнуцца назад