Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Малітва аб еднасці хрысціян адбылася ў Віцебскай катэдры
Малітва аб еднасці хрысціян адбылася ў Віцебскай катэдры20.01.2021. |
|
Каталіцкі Касцёл на гэтай сустрэчы прадставілі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз канонік Віктар Місевіч. У набажэнстве прынялі ўдзел айцы Беларускай грэка-каталіцкай царквы, прапаведнік лютэранскай супольнасці і прадстаўнік міжнароднай хрысціянскай асацыяцыі “Гедэон”, а таксама вернікі названых канфесій.
Падчас набажэнства ўдзельнікі выканалі гімн да Духа Святога і прачыталі малітву паяднання. Затым адбылася літургія Божага Слова. Пасля чытання Евангелля паводле св. Яна ў запрошаных прадстаўнікоў канфесій была магчымасць звярнуцца да вернікаў з прамовай.
Падчас свайго выступлення айцец грэка-католік Дзмітрый Грышан вярнуўся да словаў апостала Яна пра галінкі вінаграднай лазы і адзначыў, што “з’яднанне галінак у вінаграднай лазе адбудзецца, калі мы самі будзем з’яднаны з Хрыстом”. Прапаведнік Віцебскай лютэранскай супольнасці свв. Пятра і Паўла Максім Кійко звярнуў увагу, што сустрэча адбываецца ў складаны час, таму важна, каб людзі, вымушаныя з-за пандэміі насіць маскі, захоўваць дыстанцыю і ізалявацца, не забываліся дапамагаць адзін аднаму.
Марк Авілін, прадстаўнік міжцаркоўнай супольнасці хрысціян “Гедэон”, якая займаецца распаўсюджваннем бясплатных экзэмпляраў Бібліі па ўсім свеце, прывёў словы з Евангелля: “Усялякае валадарства, якое падзялілася само ў сабе, спусташаецца” (пар. Лк 11,17). “Таму нам, хрысціянам, трэба не раздзяляцца паміж сабой, а ўзрастаць у любові да Бога і адзін да аднаго”, —дадаў прамоўца.
Алег Буткевіч, рыма-каталіцкі біскуп і гаспадар сустрэчы, звярнуўся да ўдзельнікаў набажэнства апошнім. Пастыр Касцёла нагадаў, што Езус Хрыстус прыйшоў на гэты свет, каб вярнуць страчанае пасля першароднага граху адзінства з Богам. “Еднасць з Богам дазваляе трываць у еднасці з блізкімі, без еднасці з Богам немагчыма еднасць народа паміж сабой”, — адзначыў біскуп Віцебскі.
Затым адбыўся абрад запальвання свечак, які нагадаў прысутным пра місію хрысціян быць святлом свету. Пасля гэтага ўдзельнікі набажэнства памаліліся “Ойча наш” і перадалі адзін аднаму знак супакою. Біскуп Алег блаславіў прысутных і падзякаваў за супольную малітву.
Аксана Нядвецкая, тэкст
Анатоль Бандарчук-Вошлаў, фота,
Вярнуцца назад |