Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Багародзіцы

Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Багародзіцы


5.12.2020.

Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу БагародзіцыМітрапаліт Тадэвуш (Кандрусевіч) - у сувязі з пагаршэннем эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама з працягам вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу ў нашай краіне - звярнуўся з просьбай, каб 8 снежня 2020 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (у рыма-каталіцкім каляндары), ва ўсіх касцёлах і капліцах пасля кожнай святой Імшы прачытаць Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Дзевы Марыі. 

У грэка-католікаў успамін Зачацця Багародзіцы 9 снежня - гэта працоўны дзень - ТАМУ будзе мэтазгодным гэты АКТ (малітву) прачытаць пасля Боскай Літургіі ў Нядзелю - 6 снежня 2020 г. 

+Архім. Сяргей 


Акт прысвячэння Беларусі 

Беззаганнаму Сэрцу Дзевы Марыі перад абліччам пандэміі каранавірусу 

і складанай грамадска-палітычнай сітуацыі (8 снежня 2020 г.)


О Найсвяцейшая Тройца: Бог Айцец, які даў Марыі гонар быць найбольш годнай сярод сваіх дачок; Бог Сын, які даў Ёй ласку быць Ягонай Маці; Бог Дух Святы, які абраў Яе сваёю Нявестай, мы верым у Цябе, пакланяемся Табе, давяраем Табе, любім Цябе і спадзяемся на Тваю дапамогу!

О Святая Дзева Марыя, падчас пандэміі каранавірусу і вельмі небяспечнага грамадска-палітычнага крызісу, молячы Цябе аб заступніцтве, мы прысвячаем і даручаем саміх сябе і нашу Айчыну Твайму Беззаганнаму Сэрцу. 

Будзь нам клапатліваю Маці і нястомнаю Заступніцай у гэты час вялікіх і небяспечных выклікаў: пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі і неаслабнай напружанасці ў нашым грамдстве. Натхні нас, каб мы верна і ахвярна служылі Табе, Твайму Сыну, Ягонаму Касцёлу і бліжнім, любячы адзін аднаго і ўзаемна прабачаючы. Наша наймілейшая і чулая Маці, Ты разумееш усе складанасці і надзеі нашага жыцця, асабліва ў барацьбе паміж дабром і злом: пачуй жа нашыя пакорныя просьбы аб дапамозе падчас гэтых новых выпрабаванняў і сваёю Матчынаю любоўю атулі нас, занепакоеных сваім прамінальным і вечным лёсам.

Праз Цябе, о Беззаганная Багародзіца, да падножжа алтара Міласэрнага і Усемагутнага Бога ўзносім нашую ўдзячнасць за шчодрасць ласкаў, якімі Ён адорвае нас, нашае пакаянне за грахі народа і нашую ахвяру, а таксама просьбу аб вызваленні ад эпідэміі каранавірусу і хутчэйшым ды мірным завяршэнні грамадска-палітычнага крызісу.

Апякунка Беларусі, Тваёй абароне аддаемся…


Прымі нашае Табе прысвячэнне. Будзь з намі на шляхах веры, надзеі і любові. Не пакідай нас у гэты час новых выпрабаванняў. Няхай Усемагутны і Міласэрны Бог праз Тваё заступніцтва дапамагае нам і нашай шматпакутнай Бацькаўшчыне. Няхай благаславіць усіх, хто мужна і ахвярна клапоціцца аб шчаслівай яе будучыні. Няхай адорыць фізічным і духоўным здароўем усіх нас і пакажа шлях да мірнага і цывілізаванага завяршэння грамадска-палітычнага крызісу. 

Просім праз Хрыста, Госпада нашага. Амін.



Вярнуцца назад