Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак: «гомасексуальны шлюб» — гэта недарэчнасць, але людзі ў кожнай сітуацыі павінны быць юрыдычна абаронены

Папа Францішак: «гомасексуальны шлюб» — гэта недарэчнасць, але людзі ў кожнай сітуацыі павінны быць юрыдычна абаронены


5.11.2020.

Папа Францішак: «гомасексуальны шлюб» — гэта недарэчнасць, але людзі ў кожнай сітуацыі павінны быць юрыдычна абароненыКаталіцкія біскупы ў Беларусі даводзяць да ведаму вернікаў кампетэнтнае тлумачэнне, карыснае для належнага разумення словаў Папы Францішка адносна так званых «гомасексуальных саюзаў».


Нядаўна ў многіх СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што Папа Францішак нібы выказаўся ў падтрымку саюзаў, заключаных асобамі аднаго полу.

 

Не сакрэт, што ў некаторых краінах падобныя саюзы юрыдычна замацаваныя, хоць, у адпаведнасці з вучэннем Касцёла, іх нельга разглядаць як сям’ю, якой яны насамрэч не з’яўляюцца згодна з Богам устаноўленым натуральным законам. Не сакрэт таксама і тое, што пэўныя сілы, у тым ліку і ў Беларусі, няспынна стараюцца сцерці ў масавай свядомасці тое, што сужэнства, або, карыстаючыся свецкай тэрміналогіяй, шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны, і ні ў якім выпадку не форма сужыцця асоб аднаго полу. Для гэтага яны ідуць на розныя хітрыкі, не цураючыся маніпуляцый.

 

Менавіта ў выніку падобнай маніпуляцыі некаторыя сцвярджэнні, якія ўтрымліваюцца ў дакументальным фільме «Francesco» («Францішак»), знятым амерыканскім прадзюсерам і рэжысёрам савецкага паходжання Яўгенам Афінееўскім, нядаўна выклікалі розную рэакцыю і розныя інтэрпрэтацыі.

 

Што ж сказаў Папа насамрэч і няўжо штосьці змянілася ў каталіцкім веравучэнні наконт сужэнства і сям’і?

 

Больш за год таму Папа Францішак, даючы інтэрв’ю, адказаў на два асобныя пытанні ў два розныя моманты, якія ў названым дакументальным фільме былі змантаваныя і прадстаўленыя як адзін адказ без належнага кантэксту, што і  выклікала непаразуменне. Напачатку Святы Айцец зрабіў пастырскую заўвагу адносна неабходнасці таго, каб у коле сям’і сын або дачка з гомасексуальнай арыентацыяй ніколі не дыскрымінаваліся. Да гэтага адносяцца словы «Las personas homosexuales tienen derecho a estar en la familia; son hijos de Dios, tienen derecho a una familia. No se puede echar de la familia a nadie, ni hacer la vida imposible por eso» («Гомасексуальныя асобы маюць права быць у сям’і; яны — дзеці Божыя, маюць права на сям’ю. Нельга выганяць з сям’і нікога, ані рабіць жыццё немагчымым з-за гэтага»).

 

Наступны абзац паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі пра любоў у сям’і Amoris lætitia (2016 г.) можа праліць святло на такія выразы:

«Разам з айцамі Сінода я звярнуў увагу на сітуацыю сем’яў, у якіх ёсць асобы з гомасексуальнымі схільнасцямі — гэта нялёгкі і для бацькоў, і для дзяцей досвед.

 

Таму хочам найперш пацвердзіць, што кожная асоба, незалежна ад сваёй сексуальнай схільнасці, павінна шанавацца з увагі на сваю годнасць і прымацца з пашанаю і клопатам, каб пазбегнуць „розных праяў несправядлівай дыскрымінацыі“, асабліва розных форм агрэсіі і насілля.

 

Што датычыць сем’яў, то трэба ім гарантаваць поўнае пашаны суправаджэнне, каб асобы з гомасексуальнымі схільнасцямі мелі неабходную дапамогу ў зразуменні і поўнай рэалізацыі волі Бога ў іх жыцці» (п. 259).

 

Наступнае пытанне інтэрв’ю датычылася дзяржаўнага закона дзесяцігадовай даўніны ў Аргентыне «Matrimonios igualitarios de parejas del mismo sexo» («Раўнапраўныя шлюбы пар аднаго полу») і нязгоды з ім тагачаснага арцыбіскупа Буэнас-Айрэса. На гэтую тэму Папа Францішак заявіў, што «es una incongruencia hablar de matrimonio homosexual» («недарэчна гаварыць пра „гомасексуальны шлюб“»), дадаўшы, што ў гэтым канкрэтным кантэксце ён казаў пра права гэтых асоб быць абароненымі законам: «lo que tenemos que hacer es una ley de convivencia civil. Tienen derecho a estar cubiertos legalmente. Yo defendí esso» («што мы лічым патрэбным зрабіць, гэта закон пра грамадзянскае сужыццё. Яны маюць права быць абароненымі законам. Я адстойваў гэта».


Святы Айцец выказаўся такім чынам падчас інтэрв’ю ў 2014 годзе:

«Шлюб — паміж адным мужчынам і адной жанчынай.

Свецкія дзяржавы жадаюць легалізаваць грамадзянскія саюзы, каб рэгуляваць розныя эканамічныя аспекты паміж асобамі, як, напрыклад, забеспячэнне медыцынскай дапамогі. Гаворка ідзе пра дамовы сужыцця рознай натуры, разнастайныя формы якіх я не мог бы пералічыць. Неабходна разгледзець розныя выпадкі і ацэньваць іх ва ўсёй разнастайнасці».

 

Такім чынам, відавочна, што Папа Францішак меў на ўвазе акрэсленыя дзяржаўныя распараджэнні, і дакладна не вучэнне Касцёла, шмат разоў пацверджанае на працягу гадоў.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад