Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > 30 гадоў першай уніяцкай парафіі ў Беларусі
30 гадоў першай уніяцкай парафіі ў Беларусі19.10.2020. |
|
+++
"На пачатку верасня 1990 года ў Львове праходзіў з’езд руху “Ўкраінская моладзь – Хрысту” (УМХ). У з’ездзе актыўна ўдзельнічала група моладзі з Мінска. У межах з’езда таксама адбылося хрышчэнне маладых людзей з Беларусі. 21 верасня 1990 года ў памяшканні “Таварыства беларускай мовы” мела месца пасяджэнне “дзесяткі” заснавальнікаў, у якую, акрамя моладзі, увайшлі такія вядомыя асобы, як прафесар Юры Хадыка ды публіцыст Анатоль Сідарэвіч і інш. Кіраўніком Рады парафіяльнай суполкі быў абраны навуковы супрацоўнік “Цэнтра імя Францішка Скарыны” Сяржук Абламейка. Увесь час ішла праца над юрыдычнай рэгістрацыяй “рэлігійнай суполкі”. Мінскія ўлады, згодна з заканадаўствам, патрабавалі пацвярджэння ад т. зв. “рэлігійнага цэнтра”. Найбліжэйшым такім цэнтрам у СССР быў Львоў як сталіца грэка-каталіцкай Кіева-Галіцкай мітраполіі. 19 кастрычніка 1990 года Мітрапаліт Уладзімір Стэрнюк выдаў пацвярджэнне, што Мінская грэка-каталіцкая суполка (абшчына) належыць да грэка-каталіцкай Кіева-Галіцкай мітраполіі. Менавіта гэты факт можна лічыць днём кананічнага адраджэння мінскай грэка-каталіцкай парафіі.
На сустрэчы з Мітрапалітам Уладзімірам уніяты Мінска прасілі дапамагчы ў арганізацыі ўсталявання крыжа на месцы пакутніцтва св. Язафата. У лістападзе 1990, як абяцаў Мітрапаліт, у Мінск прыехаў а. Себасцян, ігумен Студытаў ва Ўкраіне. 10 лістапада 1990 года мінская суполка разам з грэка-католікамі Віцебска ды Полацка арганізавала ўрачыстасць св. Язафата ў Віцебску. Хаця ўлады не далі дазволу на ўсталяванне крыжа, гэта была першая агульнабеларуская пасляваенная акцыя грэка-католікаў.
Па атрыманні граматы Мітрапаліта Уладзіміра пачалося літургічнае ды душпастырскае жыццё: рэгулярныя набажэнствы, споведзі, хрышчэнні. Але ўсё гэта мела месца яшчэ ў прыватных дамах – а. Яна Матусевіча ці іншых грэка-католікаў".
24 кастрычніка 1990 г. у выканкам Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў была накіравана просьба аб рэгістрацыі парафіі.
Паводле: Андрэй Абламейка, Адраджэнне душпастырска-літургічнага жыцця ў грэка-каталіцкай парафіі святога Язэпа ў Мінску ў 1989-2008 гадах, Люблін 2009 (магістарская праца на Факультэце тэалогіі Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта). Вярнуцца назад |