Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак: «Вера ў Бога патрабуе штодзённага абнаўлення выбару на карысць дабра»
Папа Францішак: «Вера ў Бога патрабуе штодзённага абнаўлення выбару на карысць дабра»28.09.2020. |
|
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа пракаментаваў евангельскую прыпавесць пра двух братоў, якім бацька загадаў ісці працаваць у вінаграднік. Адзін з іх імпульсіўна адказаў «не», а потым пакаяўся і пайшоў; другі адразу адказаў «так», але на самой справе не зрабіў гэтага. «Паслухмянасць заключаецца не ў тым, каб казаць “так” ці “не”, але ў дзеяннях, у апрацаванні вінаградніку, у рэалізацыі Божага Валадарства, у добрых учынках. Гэтым простым прыкладам Езус хоча пераўзыйсці рэлігію, якая разумеецца як знешнія і прывычныя дзеянні, якая не ўплывае на жыццё і паводзіны людзей», — сказаў Святы Айцец. Па яго словах, прадстаўнікамі «паказной» рэлігійнасці, якіх папракаў Езус, былі «першасвятары і старэйшыны народа», каго, згодна з папярэджаннем Пана, у Божым Валадарстве апярэдзяць мытнікі і распусніцы. «Гэтае сцвярджэнне не павінна навесці на думку, што робяць добра тыя, якія не прытрымліваюцца Божых запаведзяў і этыкі, кажучы: “Тыя, якія ходзяць у касцёл, горшыя за нас!” Езус не ўказвае на мытнікаў і распусніц як на прыклад жыцця, але як на “прывілеяваных ласкі” (…), якую Бог дае кожнаму, хто адкрывае сэрца і навяртаецца да Яго. Сапраўды, гэтыя асобы, слухаючы Яго пропаведзь, каяліся і змянялі жыццё», — падкрэсліў Пантыфік. «У Евангеллі на сённяшні дзень лепш зрабіў першы брат, не таму што сказаў “не” свайму бацьку, але таму што пасля “не” навярнуўся да “так”, пакаяўся. Бог цярплівы з намі, з кожным з нас: не стамляецца, не адракаецца пасля таго, як мы кажам “не”; дазваляе нам нават аддаляцца ад Яго і памыляцца», — сказаў Папа. Ён запэўніў, што Бог паважае свабоду чалавека і з трапятаннем чакае нашага «так», каб нанава прыняць нас у свае бацькоўскія абдымкі і напоўніць сваёй бязмежнай міласэрнасцю. «Вера ў Бога патрабуе штодзённага абнаўлення выбару на карысць дабра, а не зла, выбару праўды, а не падману, выбару любові да бліжняга, а не эгаізму. Той, хто навяртаецца да гэтага выбару пасля таго, як спазнаў грэх, апынецца на першых месцах у Нябесным Валадарстве, дзе больш радасці з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў», — адзначыў пастыр паўсюднага Касцёла. Пантыфік заўважыў, што навяртанне — гэта працэс ачышчэння ад маральнага зацвярдзення, таму часам ён балючы, бо не бывае святасці без адрачэння і духоўнай барацьбы. «Духоўны прагрэс прадугледжвае аскетызм і самаадрачэнне, якія паступова вядуць да жыцця ў супакоі і радасці благаслаўленняў. Евангелле на сённяшні дзень кажа пра хрысціянскае жыццё, якое складаецца не з мараў і прыгожых памкненняў, а з канкрэтных высілкаў, каб усё больш і больш адкрывацца на Божую волю і любоў да братоў», — сказаў Папа Францішак. «Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам быць паслухмянымі дзейнасці Святога Духа. Ён — Той, які размякчае сэрцы і адкрывае на пакаянне, каб яны маглі атрымаць жыццё і збаўленне, паабяцаныя Езусам», — гэтымі словамі завяршыў сваё разважанне Пантыфік. Паводле: Vatican News/Catholic.by Вярнуцца назад |