Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў сувязі з забаронай на ўезд у Рэспубліку Беларусь арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу
Заява Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў сувязі з забаронай на ўезд у Рэспубліку Беларусь арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу2.09.2020. |
|
Недапушчальна, што біскуп Каталіцкага Касцёла, які з’яўляецца пастырам даручаных яму вернікаў, пазбаўлены магчымасці знаходзіцца ва ўласнай дыяцэзіі і несці ў ёй служэнне, даверанае яму Святым Айцом Францішкам. Забарону на ўезд на тэрыторыю Беларусі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі лічыць нязгоднай з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гэтыя і падобныя дзеянні асобных органаў улады не спрыяюць будаўніцтву канструктыўных адносін паміж дзяржавай і Каталіцкім Касцёлам у нашай краіне, не служаць змяншэнню напружанасці і пераадоленню глыбокага падзелу ў грамадстве. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі выказвае надзею на тое, што адмова арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь з’яўляецца толькі прыкрым непаразуменнем, якое як найхутчэй будзе вырашана, а таксама што падобныя інцыдэнты не будуць адбывацца ў будучыні. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца да духавенства, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў, а таксама да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб руплівай малітве ў інтэнцыі як мага хутчэйшага вяртання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму. Ад імя каталіцкіх біскупаў Беларусі Аляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі Віцэ-старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Юзаф Станеўскі Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Генеральны сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Гродна, 2 верасня 2020 г. Вярнуцца назад |