Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Замойскі сінод Унійнай Царквы – міжнародная кансультацыя ў Рыме

Замойскі сінод Унійнай Царквы – міжнародная кансультацыя ў Рыме


30.08.2020.
Замойскі сінод Унійнай Царквы – міжнародная кансультацыя ў Рыме26 жніўня 2020 споўнілася 300 год ад пачатку сінода Унійнай (Уніяцкай) Царквы ў Рэчы Паспалітай, што праходзіў ў г. Замасць (Zamość) з 26 жніўня па 17 верасня 1720. 26-30 жніўня 2020 г. у Рыме прайшла інтэрдысцыплінарна кансультацыя прысвячаная Замойскаму сіноду.

Сінод быў скліканы ўніяцкім мітрапалітам Львом Кішкам і праходзіў пад кірункам апостальскага нунцыя ў Рэчы Паспалітай Ераніма Грымальды (Girolamo Grimaldi). Займаўся сінод умацаваннем структур і форм душпастырства Уніяцкай Царквы ў духу Трыдэнцкага сабора Каталіцкай Царквы. (У сінодзе ўдзельнічаў і архібіскуп львоўскі Армяна-Каталіцкай Царквы Ян Табіяш Аўгустыновіч).

Рашэнні Замойскага сінода зацвердзіў у 1724 г. папа Бенядыкт XIII, ды сталі яны абавязковымі ў 1725 г.

300-годдзе Замойскага сінода – добрая нагода ўзгадаць гэтую царкоўную падзею, асэнсаваць і аб’ектыўна ацэніць. У царкоўных і навуковых кругах гэтыя ацэнкі вельмі разбежныя.

На 2020 г. запланавана розныя канферэнцыі і семінары прысвячаныя Замойскаму сіноду. У складанай сітуацыі пандэміі частка гэтых планаў абмяжоўваецца, частка рэалізуецца ў формаце ан-лайн.

26-30 жніўня 2020 г. у Рыме, на базе Бібліятэкі Генеральнай Курыі Ордэна Базылянаў і Генеральнага архіва Ордэна Марыянаў, прайшла міжнародная кансультацыя прысвячаная Замойскаму сіноду. Яе каарданатарамі былі іераманах д-р Парфірый Підручны, архімандрыт д-р Сяргей Гаек і ліцэнцыят усходняга кананічнага права а. Кірыл Міронаў. У фармаце ан-лайн у кансультацыі ўдзельнічалі даследчыкі з Беларусі, Украіны, Італіі, Чэхіі, Польшчы, Нямеччыны.
Галоўная ўвага была звярнутая на саліднае вывучэнне першакрыніц і даўнейшых аўтарытэтных манаграфій пісаных на лацінскай мове, якія рэдка браліся да ўвагі, на прыклад кнігу Івана Біланыча “Synodus Zamostiana an. 1720” выдадзеную ў Рыме 60 год таму (у 1960 г.)

Як уводзіны да кансультацыі выкарыстана, між іншымі, вартасную гістаграфічную напрацоўку дацэнта Сяргея Ф. Верамеева з Дзяржаўнага ўніверсітэта Францыска Скарыны ў Гомелі “Замойскі Сабор 1720 г., яго значэнне і наступствы ў адлюстраванні беларускай гістарыяграфіі” – падрыхтаваную для міжнароднай навукова канферэнцыі ў Кракаве.

Вярнуцца назад