Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > За Беларусь і беларускі народ
За Беларусь і беларускі народ23.08.2020. |
|
Паводле традыцыі ў жніўні кожнага года грэка-католікі Берасцейшчыны ўзгадваюць у малітве жахлівыя падзеі 1942 г. – арышт Экзарха беларускіх грэка-католікаў Антона Неманцэвіча (першыя дні жніўня 1942 г.) і карніцкія акцыі нямецкіх нацыстаў, што спалілі нэа-унійныя (уніяцкія) вёскі на Палессі. Працягваючы шматгадовую традыцыю, у нядзелю 23 жніўня 2020 г. апостальскі візітатар беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей (Гаек) наведаў грэка-каталіцкую парафію ў Берасці і ў парафіяльнай капліцы адслужыў Боскую Літургію за Беларусь – у саслужэнні масцовага душпастыра а. Ігара Кандрацьева. У малітве ўзгадана драматычныя падзеі 2-й сусветнай вайны і мужнасць уніяцкіх святароў, якія заўжды былі побач вернікаў. “Царква пакліканая, каб заўжды быць побач людзей пакрыўджаных, якія церпяць і чакаюць Божай справядлівасці. У гэтыя складаныя дні канфліктаў у Беларусі, маўклівая малітва – гэта крыніца духовай моцы. Царква, як маці абдымае духова ўсіх пакрыўджаных, арыштаваных ў гэтыя дні ды іх родных і блізкіх” – сказаў архімандрыт Сяргей. Хай Госпад, Пераможца зла, малітвамі беларускіх нова-пакутнікаў і нашымі малітвамі захоўвае Беларусь і ўвесь Беларускі народ. Вярнуцца назад |