Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Урачыстасьці ў гонар Росіцкіх новамучанікаў
Урачыстасьці ў гонар Росіцкіх новамучанікаў13.08.2008. |
|
Пачынаючы ад году Бэатыфікацыі 1999-га – штогод у палове жніўня вернікі зьбіраюцца на рэлігійныя урачыстасьці, каб ушанаваць памяць Блаславёных новамучанікаў Росіцкіх. Частка з іх прыходзіць у Росіцу у пешых пілігрымках; традыцыйнымі сталі ўжо пілігрымкі з Друі і Полацку. У Росіцу, акрамя рыма-католікаў, прыбываюць і грэка-католікі і праваслаўныя. Асабліва шматлікай ёсьць моладзь. Урачыстую сьв. Імшу на заканчэньне сьвяткаваньняў, у суботу ў 12:00 гадз. уначаліў Генеральны Вікарый Віцебскай дыяцэзіі пралат Францішак Кісель з Полацка. У рамках урачыстасьцяў грэка-католікі (з Полацку, Віцебску, Менску, Барысава, Оршы, Івацэвічаў) згодна з традыцыяй, адсьпявалі Акафіст да Багародзіцы (у пятніцу вечарам) і адслужылі Боскую Літургію (у суботу раніцай), якую ўзначаліў Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар БГКЦ, у саслужэньні Протапразьбітара Ўсходняга Дэканату а. Зьміцера Грышана, а таксама а. Аляксандра Шаўцова з Полацку, а.а. Пахома Кавалёва і Яўгена Ўсошына з Менску ды а. Рамана з Віцебску. Акафіст быў адслужаны як малітва за пастаяннага Прадстаўніка Сьвятога Айца ў Беларусі – Апостальскага Нунцыя Архібіскупа Марціна Відавіча; Боская Літургія была адслужаная за тых рыма-каталіцкіх сьвятароў, якія ў сваіх храмах госьцяць грэка-каталіцкія парафіяльныя супольнасьці, асабліва за менскіх Айцоў Дэканаў Ігара Лашука і Уладзіслава Завальнюка. Ніжэй прапануем кароткае сьведчаньне аднага з семінарыстаў БГКЦ, які удзельнічаў у пілігрымцы ў Росіцу. “Дайсьці да Росіцкай Сьвятыні ды ўпасці крыжам на падлогу касьцёла” Пілігрымка Полацк – Росіца Беларускія грэка-католікі ад пачатку ўдзельнічалі ва ўрачыстасьцях, прысьвечаных памяці Росіцкіх мучанікаў. Апрача ўдзелу ў агульнай праграме, падрыхтаванай айцамі-марыянамі, ўжо традыцыйнымі малітоўнымі пунктамі сталіся Акафіст да Багародзіцы і Боская Літургія. Дзякуючы гэтаму рыма-католікі маюць магчымасьць пазнаёміцца з візантыйскай традыцыяй, як часткай багацьця Каталіцкай Царквы. З мінулага году вернікі грэка-католікі ўключыліся ў пешую пілігрымку Полацк – Росіца (на пачатку гэта былі семінарысты і кандыдаты ў семінарыю, пазьней далучыліся яшчэ некалькі вернікаў). Сёлета гэтая пілігрымка падоўжылася: частка пілігрымаў выходзяць у шлях аж з Барысава. Грэка-каталіцкая група, дарэчы, у гэтым годзе больш лічная, далучылася да пілігрымаў у Полацку 5-га жніўня. Раніцай, бачачы апаленыя сонцам твары, неяк цяжка было ўявіць, што гэтыя людзі прайшлі ўжо восем дзён. Увечары, прыбыўшы ўжо на месца начлегу, таксама амаль не адчувалася стомленасьць. Сапраўды тут можна заўважыць толькі адно: калі б гэта быў проста паход – людзі пападалі б на другі дзень. Можа хто і зможа закінуць, маўляў, маладыя ды моцныя могуць прайсьці, але ішлі людзі ўсіх узростаў, нельга не зазначыць, што найстарэйшая асоба мела 77 гадоў! Асабіста для сябе я адзначыў яшчэ адзін важны момант. Адная справа людзі, што прайшлі ўжо восем дзён, іншая – мы, што далучыліся на восьмы дзень, дык вось, пасьля пары гадзін ходу я ўжо не заўважаў розьніцы паміж прайшоўшымі ад пачатку і тымі, што далучыліся пазьней, хіба што мы былі менш загарэлыя. Канешне, пасьля першага ж дня ў думкі самі сабой напрошваюцца параўнаньні з нашай грэка-каталіцкай пілігрымкай з Віцебску ў Полацк, прысьвечанай Полацкім пакутнікам. “Стандартныя”, неад’емныя асновы пілігрымкі тыя ж самыя: Эўхарыстыя і дарога з малітвай. Розьніца? Напэўна, у Росіцкай пілігрымцы было больш сьпеву. Дзень пачынаўся з пары песенак (бо ня ўсе хто адразу ўстае, адразу ж і прачынаюцца), пасля былі сьпяваныя малітвы да Багародзіцы, зноў некалькі песен, Ютрань, песьні, Ружанец, зноў сьпевы, Вянчык да Божай Міласэрнасьці, Нешпары (Вячэрня)... і за ўвесь час дарогі мікрафон і гукавы ўзмацняльнік “адпачывалі” толькі на прыпынках. Пасьля чытаньняў на Ютрані і Нешпарах, а таксама да кожнай таямніцы Ружанцу былі кароткія разважаньні. Разважаньні да таямніц Ружанца рабілі самі вернікі, аднаго дня падрыхтоўка кароткіх разважаньняў дасталася нам – грэка-католікам. Вельмі важнай для мяне была духоўная канферэнцыя на тэму “Убогасьць і багацьце”, якую ў перадапошні дзень (хіба самы кароткі па кіламетрах) даў айцец Вячаслаў Пялінак, адказны разам з а. Андрэем Сідаровічам за пілігрымку. У апошні дзень, ужо за пару кіламетраў да Росіцы, на апошнім прыпынку адбылося як бы падсумаваньне пілігрымкі. Кожны меў магчымасьць выказаць свае уражаньні, свае падзякі, і кожны атрымаў падарунак. Пасьля, нягледзячы на кіламетры за сьпіной, хацелася як мага хутчэй дайсьці да Росіцкай Сьвятыні ды ўпасці крыжам на падлогу касьцёла, каб падзякаваць Блаславёным мучанікам Антону і Юрыю за заступніцтва. Мы прыйшлі... Традыцыйна нас прывітаў пробашч - а. Чэслаў Курэчка і акрапіў сьвятой вадой. Усе ўвайшлі ў храм, дзе некалькі хвілін кожны, упаўшы перад Богам усёй сваёй істотай, мог занесьці Ўсявышняму свае малітвы. Радасьцю было сустрэць нашых грэка-каталіцкіх сьвятароў і вернікаў, якія дабраліся ў Росіцу іншым чынам. Вечарам перад іконай Мучанікаў мы сьпявалі Акафіст Багародзіцы, Якую яны асабліва шанавалі, а ў наступны дзень раніцый, разам з братамі рыма-католікамі, служылі Боскую Літургію. Шчыры дзякуй Айцам-Марыянам Вячаславу Пялінку і Андрэю Сідаровічу за іхняе руплівае служэньне на Росіцкай пілігрымцы ды за іхні асаблівы клопат пра нас – грэка-католікаў. Дзякуй... і - “На многія леты!” Семінарыст Аляксандр Хахлоў Вярнуцца назад |