Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь

Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь


15.08.2020.
Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі БеларусьЗварот
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь


Я звяртаюся да дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў нашай дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях.

Наша Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка збітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзідэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня.

Бог стварыў нас свабоднымі. Па-сапраўднаму свабоднымі нас робіць праўда, кажа Хрыстус (пар. Ян 8, 32–36). Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці кан’юнктурным інтарэсам. Збаўца вучыць нас: «Няхай будзе слова вашае „так-так“, „не-не“. А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 37). А д’ябал — чалавеказабойца, ілгун і бацька хлусні (пар. Ян 8, 44).

Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, збіццё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нялюдскіх умовах у месцах зняволення — цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле.

Усё гэта вядзе да дэстабілізацыі і згубных падзелаў у нашым грамадстве. Колькі часу — магчыма, нават не адно пакаленне — спатрэбіцца для таго, каб загаіць нанесеныя знявагаю праўды раны, калі брат падняў руку на брата?!

Таму перад намі цяжкі і няпросты шлях пакаяння, духоўнага і маральнага ачышчэння, без чаго немагчыма пераадоленне грамадска-палітычнага крызісу.

У імя такога неабходнага міру ў нашай Айчыне і нацыянальнай згоды, я звяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзянаў.

Няхай Міласэрны Бог прыме ў сваё Валадарства ахвяраў гэтай нацыянальнай трагедыі. Няхай аздаравіць параненых. Няхай суцешыць смуткуючых. Няхай адорыць міралюбны і памяркоўны беларускі народ сваім супакоем. Няхай умацуе ў ім дар любові да бліжняга, каб дабром перамагаць зло.

Апякунка Беларусі Маці Божая Будслаўская, ахоўвай і абараняй нас.

З малітваю аб дабры для нашай Бацькаўшчыны і хутчэйшым вырашэнні канфлікту,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 14 жніўня, 2020 г.


Паводле Catholic.by

Вярнуцца назад