Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Развітальнае слова архімандрыта Сяргея (Гаека) на Пахаванне Біскупа Мукачаўскага Уладыкі Мілана (Шашыка)

Развітальнае слова архімандрыта Сяргея (Гаека) на Пахаванне Біскупа Мукачаўскага Уладыкі Мілана (Шашыка)


19.07.2020.
Развітальнае слова архімандрыта Сяргея (Гаека) на Пахаванне Біскупа Мукачаўскага Уладыкі Мілана (Шашыка)Высокадастойны Айцец Біскуп Мілан!

Ісус Хрыстос, Збавіцель наш, Першасвятар і Госпад Царквы паклікаў да нябеснага Валадарства Цябе – Архіпастыра Мукачаўскай Царквы.
Твой адыход да дому Айца стаў для нас нечаканым і балючым, але прымаем гэта як знак, што Госпад палічыў дастатковым Твой “архіпастырскі подзвіг” тут, на зямлі.

Высокадастойны Уладыка Мілан, як Архіпастыр Мукачаўскай епархіі, Ты служыў з запалам святых раўноапостальных Кірыла і Мятода не толькі ў Закарпацці, але ў сваёй руплівай місіі Ты шчодра і нястомна дапамагаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.

Дарагі Айцец Біскуп Мілан, гэтыя словы развітання накіроўваем да Цябе сёння – 18 ліпеня, калі Мукачаўская Царква ўшаноўвае Апосталаў Славянаў Кірыла і Мятода.

Ад імя ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы: ад імя святароў, дыяканаў, семінарыстаў і вернікаў выказваем глыбокую ўдзячнасць Госпаду за Тваё архіпастырскае служэнне.

Гэтыя словы падзякі і развітання накіроўваем да Цябе з Полацка і Віцебска – месцаў Твайго біскупскага служэння ў Беларусі: хіратоніі ды хіратэсіі клірыкаў нашай Царквы.

У Полацку і Віцебску – на месцах служэння і мучаніцкай смерці святамучаніка Язафата – з глыбокай развагай асэнсоўваем сімвалічны факкт, што Папа Ян Павел ІІ паклікаў Цябе да біскупскага служэння 12 лістапада 2002 года - у дзень успаміну святамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага. І ў Тваім біскупскім служэнні Ты мужна быў верны архіпастырскай місіі св. Язафата “каб усе былі адно”.

Дзякуем Табе, Уладыка Мілан, за словы, якія Ты накіраваў да нас тыдзень таму – 11 ліпеня, калі ў Полацку мы ўшаноўвалі 100-годдзе нараджэння св. Яна Паўла ІІ і адзначалі 30 год ад першай публічнай грэка-каталіцкай Літургіі ў Беларусі.

Як каштоўнае архіпастырскае настаўленне прымаем Тваі словы, якія Ты накіраваў да пілігрымаў у Полацку:

“Мы дзякуем Госпаду за вялікі дар Царкве і свету ў асобе святога Яна Паўла ІІ, Папы, 100 гадоў з дня нараджэння якога мы адзначалі.
Вітаю вас з 30-годдзем з дня першай публічнай грэка-каталіцкай службы ў Беларусі.
Мы ўсе пакліканы сведчыць любоў Бога да чалавека. Гэта хрысціянскае пакліканне важна ў нашым свеце.
Жадаю вам радасці ў жыцці з нашым Госпадам і Збаўцам Ісусам Хрыстом. Няхай блаславенне Гасподняе сыдзе на вас!”


Словы падзякі і развітання суправаджаем нашай гарачай малітвай.
Вечная Табе памяць ды блаславёны супакой!

+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
Полацк – Віцебск, 18 ліпеня 2020 г.

Малітва ў ВіцебскуМалітва ў ВіцебскуМалітва ў ВіцебскуМалітва ў ВіцебскуМалітва ў ПолацкуМалітва ў ПолацкуМалітва ў ПолацкуМалітва ў ПолацкуВітальнае словаВітальнае слова


Вярнуцца назад