Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > In memoriam: Уладыка Мілан Шашык, СМ
In memoriam: Уладыка Мілан Шашык, СМ15.07.2020. |
|
Кароткая біяграфія Біскуп Мілан Шашык (Milan Šášik) нарадзіўся 17 верасьня 1952 году ў мястэчку Легата (Lehota) ў Славакіі, у Нітранскім краі, у пабожнай рыма-каталіцкай сям'і. У 1971 годзе, падчас студыяў на Багаслоўскім факультэце сьв. Кірылы і Мятода ў Браціславе, ён быў таемна прыняты ў місіянерскую манаскую супольнасьць сьв. Вінцэнта дэ Поля (манахі-лазарысты). Пасьля атрыманьня сьв. Тайны сьвятарства 6 чэрвеня 1976 году ён працаваў у розных рыма-каталіцкіх парафіях у Славакіі. Будучы маладым сьвятаром, ён штодня маліўся адмысловай малітвай за свабоду і легалізацыю Грэка-Каталіцкай Царквы ва Ўкраіне. Хоць быў рыма-католікам, ён вельмі цікавіўся ўсходнім абрадам і стаў сьвятаром-бірытуалістам (мог правіць службу ва ўсходнім абрадзе). У ордэне ён меў некалькі служэньняў: быў магістрам паслушнікаў, правінцыйным асістэнтам і кіраўніком студэнтаў. Пасьля Аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславакіі (у 1989 г.) ён скончыў вышэйшыя студыі ў Рыме, дзе абараніў навуковую працу (ліцэнзіят) на Папскім тэалагічным факультэце «Teresianum». Затым, з 1992 году, ён пачаў працаваць у Апостальскай нунцыятуры ў Кіеве ва Ўкраіне, дзе адпрацаваў шэсьць гадоў. Акрамя адміністрацыйнай працы, ён часта падарожнічаў, праязджаючы шмат кіламетраў па выходных, каб дапамагаць у душпастырстве там, дзе быў недахоп сьвятароў. Пазьней працаваў парахам у Перачыне ў Закарпацкай вобласьці. Папа Ян Павел II 12 лістапада 2002 году прызначыў яго Апостальскім адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis Мукачаўскай грэка-каталіцкай япархіі. Біскупскую хіратонію ён прыняў 6 студзеня 2003 году з рук Яна Паўла II у базыліцы сьв. Пятра ў Рыме. Мілан Шашык нарадзіўся і вырас у Славакіі, але палюбіў Украіну і асабліва Закарпацкі край, візантыйскі абрад і людзей. Як добры пастыр, ён аддаў яму ня толькі ўсю сваю любоў, здароўе, сілу і свае здольнасьці, але і жыцьцё. У Мукачаўскай япархіі ён здолеў заснаваць новыя парафіі і пабудаваў вялікую колькасьць храмаў для грэка-каталіцкіх парафіяў. 17 сакавіка 2010 году Ўладыка Мілан быў прызначаны епархіяльным біскупам Мукачаўскім. Даведка пра Мукачаўскую япархію З гісторыяй Мукачаўскай япархіі зьвязана Ужгарадзкая унія 1646 году, якая азначала ўзьяднаньне ўсходніх хрысьціянаў з Рымам і якая пашырылася таксама і на тэрыторыю сучаснай усходняй Славакіі. Мукачаўская япархія была афіцыйна створана 17 верасьня 1771 году. З Мукачаўскай япархіі ў XIX стагоддзі паўсталі некалькі грэка-каталіцкіх япархіяў, якія сёньня знаходзяцца ў Румыніі і Венгрыі, а таксама і Прэшаўская (1818 г.) у Славакіі. У 1775 годзе катэдра біскупа была перанесена з Мукачава ва Ужгарад, што было пацьверджана Сьвятым Пасадам 24 ліпеня 1817 году. Назва Мукачаўскай епархіі захаваўся да сёньня. Вярнуцца назад |