Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Orientale Lumen - Святло Ўсходу”, 02

“Orientale Lumen - Святло Ўсходу”, 02


5.07.2020.

“Orientale Lumen - Святло Ўсходу”, 02Духовая падрыхтоўка грэка-каталіцкіх парафій Заходняга дэканата

 

Апостальскае Пасланне Папы Яна Паўла ІІ “Orientale Lumen - Святло Ўсходу” – тэта духовая база XXVІ грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск – Полацк, 2020.

У сітуацыіі эпідэміі значная частка духовай праграмы Пілігрымкі пройдзе ў фармаце ан-лайн. Але як падрыхтоўка да самой пілігрымкі, на працягу 2 тыдняў, у грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях ў Беларусі праходзяць “сінаксы” – г. зн. багаслужэнні, малітвы і катэхетычныя сустрэчы прадстаўнікоў парафій.

На мінулым тыдні 28 чэрвеня – 4 ліпеня духовая падрыхтоўка праходзіла ў парафіях Цэнтральнага дэканата. У нядзелю, 5 ліпеня 2020 духовы подзвіг перанялі парафіі Заходняга дэканата.

 

Парафія Маці Божай Жыровіцкай у Івацэвічах, 5 ліпеня 2020

 

У душпастырскім падарожжы па парафіях Берасцейскай вобласці архімандрыт Сяргей (Гаек) наведаў парафіяльную капліцу, дзе перад шанаванай там Іконай Маці Божай Жыровіцкай маліўся з а. Віталём Быстравым і прадстаўнікамі вернікаў парафіі за ўсю парафіяльную супольнасць, за хворых жыхароў горада, за ўсіх сумных і збянтэжаных.

У малітве вернікі ўзгадалі “айцоў і братоў у веры” – святароў і вернікаў, што адышлі да Госпада на працягу мінулых дзесяцігоддзяў, у час вайны, ў час пераследу.

Жыровіцкая Маці Божая шануецца як Суцяшальніца засмучаных, як Маці надзеі. Звяртацца да Яе ў малітве ў складаны час для нашай Бацькаўшчыны – гэта нашае пакліканне” – сказаў архімандрыт.

 

 

Парафія святых Кірыла і Мятода ў Баранавічах, 5 ліпеня 2020

 

Па запрашэнні настаяцеля парафіі а. Яўгена Маліноўскага, архімандрыт Сяргей (Гаек) узначаліў Боскую Літургію ў храме Святой Тройцы, у якой саслужылі той жа а. Яўген і дыякан Вячаслаў Гарчакоў.

Духовая праграма XXVІ грэка-каталіцкай пілігрымкі праходзіць у рамках юбілею 100-годдзя нараджэння св. Яна Паўла ІІ. Таму архімандрыт узгадаў асаблівы дар святога Папы для хрысціянаў Усходніх Цэркваў: Апостальскае Пасланне “Orientale Lumen - Святло Ўсходу” (з 1995 г.) і ранейшую энцыкліку “Slavorum Apostoli – Апосталы Славянаў” пра святых Кірыла і Мятода (з 1985 г.).

 

Гэтыя два дакументы для нас, славянаў – спадкаемцаў усходняй хрысціянскай традыцыі – з’яўляюцца крыніцай духовага натхнення на шляху подзвігу ўнасіць Евангелля ў культуру (Slavorum Apostoli, 21-22) нашай Бацькаўшчыны. Таму ў асаблівы спосаб хочам маліцца за ўсіх, хто намагаецца развіваць беларускую мову і культуру: пісьменнікаў, паэтаў, настаўнікаў, мастакоў, музыкаў… Хай шчодра блаславіць іх Госпад!” – сказаў архімандрыт пасля малітвы перад шанаванай у храме іконай Святой Тройцы.


Вярнуцца назад