Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 2020

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 2020


12.06.2020.

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 2020МІНСК - св. Імша перад катэдральны саборам.

 
11 чэрвеня 2020, з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу перад уваходам у мінскі катэдральны касцёл Найсвяцейшага Імя Марыі, на заканчэнне якой узначаліў Эўхарыстычную працэсію ў незвычайным фармаце.

 

Урачыстая святая Імша на плошчы перад галоўнай святыняй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабрала не менш за 250 вернікаў. З дапамогаю анлайн-трансляцыі на партале Catholic.by да іх духоўна далучыліся яшчэ каля тысячы ўдзельнікаў.

 

«Праз Эўхарыстыю да змены жыцця» — такой тэме было прысвечана слова пастыра, якое прамовіў на святой Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку іерарх адзначыў, што ўрачыстасць Божага Цела — адно з найбольш папулярных касцёльных святаў, неадменным элементам якога з’яўляюцца традыцыйныя эўхарыстычныя працэсіі па вуліцах гарадоў і вёсак.

 

«Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл як Божы народ.

 

Касцёл як супольнасць вернікаў найдасканалей праяўляе сябе ў цэлебрацыі Эўхарыстыі і падчас эўхарыстычных набажэнстваў, асабліва святкавання ўрачыстасці Божага Цела»,— падкрэсліў арцыбіскуп.

 

Ён канстатаваў, што сёння пандэмія стала выклікам для душпастырства і імпульсам да пошуку новых яго метадаў. З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі многія вернікі не бяруць асабістага ўдзелу ў Імшы, але духоўна далучаюцца да супольнасці Касцёла з дапамогай трансляцый.

 

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуў увагу на тое, што гэтае становішча, тым не менш, нельга лічыць нармальным.

 

«З аднаго боку, гэта добрая справа і вялікая духоўная дапамога вернікам, якія хочуць браць удзел у святой Імшы, але не могуць. Аднак з іншага боку, такая практыка крые ў сабе шмат пагрозаў, асабліва адносна абавязку ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Імшы, і можа прывесці да яго занадта свабоднай трактоўкі.

 

Некаторыя пачынаюць думаць, што няма абавязку ісці ў касцёл, калі можна паглядзець Імшу па тэлевізары ці праз інтэрнэт або паслухаць па радыё. Такое меркаванне памылковае.

Імшу нельга паглядзець ці паслухаць. У ёй неабходна браць удзел»,— сцвердзіў арцыпастыр, падмацаваўшы свае словы прыкладам, прыведзеным Міланскім арцыбіскупам Марыё Дэльпіні. Італьянскі іерарх параўнаў непасрэдны ўдзел у Імшы з вогнішчам: той, хто сядзіць каля яго, адчувае цеплыню і радуецца яго жывому святлу. Той жа, хто глядзіць трансляцыю, падобны да чалавека, які бачыць вогнішча на экране і не можа адчуць ні цеплыні, ані той непаўторнай радасці і адзінства.

 

«Зразумела, што мы хочам быць каля жывога агню, які грэе, асвятляе і аб’ядноўвае, а не проста сядзець каля тэлевізара і глядзець на агонь, які нічога гэтага не дае», — зрабіў выснову арцыбіскуп Кандрусевіч. Тым, хто далучыўся да Імшы анлайн, іерарх нагадаў пра важнасць прынамсі духоўнай камуніі пры немагчымасці прыняць Цела Хрыста ў Эўхарыстыі.

Разам з тым арцыпастыр адзначыў і станоўчы момант, а менавіта тое, што анлайн-трансляцыя набажэнстваў часта аб’ядноўвае ў супольнай малітве ўсю сям’ю, а таксама дапамагае людзям не страціць сувязь з супольнасцю Касцёла, які з’яўляецца Містычным Целам Хрыста.

 

«Таму ўдзел у такіх трансляцыях хоць і не з’яўляецца поўным удзелам у святой Імшы, тым не менш спрыяе нашаму духоўнаму дабру»,— сцвердзіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

 

Разважаючы над сакрамэнтам Эўхарыстыі ў перспектыве вечнасці, арцыпастыр зазначыў, што ён дае новую надзею ўсяму чалавецтву.

 

«У нашай краіне праходзіць перадвыбарчая кампанія. Мы ўважліва слухаем абяцанні кандыдатаў у прэзідэнты. Кагосьці падтрымліваем, бо яму давяраем.

 

Але калі давяраем чалавеку з яго абмежаваннямі і магчымасцю памыляцца, які не будзе жыць і кіраваць вечна, то тым больш павінны давяраць Богу, які вечны, усемагутны і ніколі не памыляецца»,— дадаў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён нагадаў пра неабходнасць жыцця паводле дадзеных Богам маральных прынцыпаў, без захавання якіх навуковы і тэхнічны прагрэс вядзе не да развіцця, а да знішчэння чалавека. Іерарх пры гэтым дадаў, што менавіта Эўхарыстыя дае чалавеку духоўныя сілы, неабходныя для годнага хрысціянскага жыцця.

 

«Адражэнне эўхарыстычнага жыцця — гэта ключавое пытанне будучыні Касцёла. Няхай сёлетнія складаныя ўмовы ўдзелу ў Эўхарыстыі і святкавання Божага Цела дапамогуць нам яшчэ мацней адчуць эўхарыстычны голад і імкнуцца яго наталіць», — сказаў арцыпастыр, завяршыўшы гамілію кароткай малітвай, у якой прасіў Бога праз Найсвяцейшы Сакрамэнт перамяніць сэрцы людзей і аблічча нашай зямлі з пашанай да сапраўдных каштоўнасцяў.

 

Разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам урачыстую Імшу перад катэдрай цэлебравалі Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, дырэктар парталу Catholic.by кс. Аляксандр Улас, пробашч мінскай архікатэдральнай парафіі кс. канонік Антоній Клімантовіч і пробашч парафіі св. Сымона і св. Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк.

 

На заканчэнне Эўхарыстыі адбылася працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

 

Перад яе пачаткам арцыбіскуп Кандрусевіч папрасіў прысутных на плошчы перад касцёлам вернікаў заставацца на месцах, каб захаваць рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя і трымацца на належнай дыстанцыі.

 

У працэсіі духавенства з Эўхарыстычным Хрыстом у манстранцыі прайшло вакол прыкасцёльнага пляцу. Адбыліся чатыры прыпынкі каля сімвалічных алтароў, падчас якіх чыталіся адпаведныя ўрыўкі з Евангелля і традыцыйныя малітвы. На заканчэнне працэсіі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату благаславіў усіх удзельнікаў урачыстасці Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

 

Адразу пасля заканчэння набажэнства ў сталіцы распачаўся дождж, які крыху пакрапіў у кульмінацыйны момант Эўхарыстыі, але, на шчасце, не перашкодзіў святкаванню, хоць хмары збіраліся на працягу ўсёй цэлебрацыі на адкрытым паветры.

 

Яшчэ адна працэсія Божага Цела ў Мінску пройдзе з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў нядзелю 14 чэрвеня на плошчы каля Чырвонага касцёла.

 

Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 2020Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 2020Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 2020Урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста 2020

Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by


Вярнуцца назад