Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > Нядзеля Ўсіх Святых

Нядзеля Ўсіх Святых


2.06.2023.

1. У Нядзелю Ўсіх Святых Царква запрашае нас задумацца над пытаннем святасці. Што значыць быць святым?

Мы маем вельмі шмат стэрэатыпаў аб святасці і святых людзях. Часта пры словах “святы” або “святая” нам прадстаўляецца вобраз экзальтаванай асобы. Экзальтаваная асоба – гэта чалавек, які перажывае эмацыйны ўздым, спалучаны з адрабінай ненатуральнай узрушанасці. Аднак святасць – гэта не экзальтацыя, а святыя не летуценнікі, якія жывуць у сваіх мроях, адарванымі ад рэчаіснасці. Хто ж такія святыя ды што такое святасць?

Давайце звернемся да сённяшняга фрагменту Евангелля. Напэўна не выпадкова ўкладальнікі багаслужэння запрапанавалі нам сёння кампазіцыю, якая складаецца з асобных вершаў 10-га і 19-га раздзелаў Евангелля паводле Мацьвея.

 

2. Госпад звяртаецца да нас словамі: “…кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах. А хто адрачэцца ад Мяне перад людзьмі, ад таго адракуся і Я перад Айцом Маім, Які на нябёсах” (Мц 10,32-33). Хтосьці можа заўважыць, што гэта надта суворыя словы, у якіх Госпад нам пагражае. Супраўды, гэта словы суворыя, але ў іх няма пагрозы – толькі канстатацыя факту. Госпад канстатуе той факт, што немагчыма быць адначасова “за” і “супраць” Бога.

“Прызнаць перад людзьмі” – значыць быць сведкам слоў і ўчынкаў іншага чалавека, быць сведкам яго жыцця, ды праўдзіва пераказаць гэтую інфармацыю тым, хто жадаюць пра яго дазнацца. Такім чынам быць святым – гэта быць сведкам Ісуса Хрыста, Яго слоў і ўчынкаў, Яго жыцця. Дарэчы першых хрысціянскіх мучанікаў так і называлі “μάρτυρες” (мартырэс) – сведкі. Іх гераізм заключаўся не ў пакутах, якія яны прынялі, а ў сведчанні Ісуса, дзеля Якога яны былі гатовыя памерці ў муках.

 

3. Далейшыя словы Госпада гучаць яшчэ больш скандальна: “Хто любць бацьку ці маці больш за Мяне, той не варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, той не варты Мяне” (Мц 10,37-38). Гэтыя словы не магчыма зразумець, без свядомасці, што мова тут ідзе пра любоў да Бога, які ў сваю чаргу з’яўляецца крыніцай любові для ўсіх нас. Любіць сваіх блізкіх – не азначае заўсёды пагаджацца з імі, каб захаваць у адносінах “святы супакой”. Калі я, напрыклад, бачу грэшны лад жыцця майго брата, я не магу раздзяліць з ім гэты лад, бо я яго люблю. Такім чынам, быць святым – гэта захаваць сваю вернасць праўдзе, аб’ектыўнай мерай, якой з’яўляюцца Божыя Запаведзі, Божае Слова, сам Госпад Ісус Хрыстос. Быць гатовым захоўваць гэту меру, не гледзячы ні на што, і азначае “несці свой крыж”.

 

4. У апошніх сённяшніх евангельскіх вершах апостал Пётр пытаецца ў Ісуса: “Вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі ўслед за Табою; што ж будзе нам?” (Мц 19,27). Таксама і мы можам далучыцца да яго практычных словаў і запытаць: на што нам тая святасць, што нам за яе будзе? І сапраўды, Госпад не абяцае Пятру ані багацця, ані ўладу… Тое, што ён абяцае тым, хто пойдзе за ім – гэта жыццё вечнае. Хтосьці можа сказаць, што гэта абстракцыя і жыццё вечнае будзе толькі пасля смерці, а нам трэба жыць тут і цяпер… Але жыццё вечнае, Божае Валадарства распачынаецца як раз “тут і цяпер” – унутры нас і сярод нас. Госпад за нашу святасць абяцае зрабіць нас крыніцай жыцця вечнага! Такім чынам, святы – гэта той, які напоўнены Божым Валадарствам, той хто нясе іншым вечнае жыццё.

 

5. Падсумуем нашыя разважанні. Быць святым – гэта сведчыць аб Ісусе, заставацца верным праўдзе і быцць крыніцай вечнага жыцця для іншых людзей. Мяркую, што кожны хрысціянін, у той ці іншай ступені адпавядае гэтым умовам. Гэта значыць, што кожны з нас можа назваць сябе святым у Хрысце. Але святасць – гэта не пункт прызначэння, але дарога. Давайце ж рупліва па ёй крочыць.


Вярнуцца назад