Парафія сьвятога Язэпа > Казаньні і гаміліі > НЯДЗЕЛЯ СЛЕПАНАРОДЖАНАГА
НЯДЗЕЛЯ СЛЕПАНАРОДЖАНАГА17.05.2020. |
|
Евангелле: Ян 9:1-38
1. Назва сённяшняй 6-й нядзелі пасля Пасхі паходзіць ад галоўнага героя фрагмента Евангелля, які мы толькі што пачулі. Гэтым героем – з’яўляецца сляпы ад нараджэння, чалавек імя якога мы не ведаем, але які вылучыўся вялікай адвагай ды вострым розумамю Аднак пачнем ад пачатку. Госпад бачыць сляпога ды пасля вядомага дыялога са сваімі вучнямі аздараўляе яго. Звернем увагу на тое, што пачало дзеяцца ў жыцці новааздароўленага… Дык вось, Ісус аздараўляе сляпога ў суботу (!), што адразу выклікае ўвагу фарысэяў, нават больш чым сам цуд аздараўлення. Трэба зазначыць, што былы сляпы не мог пазнаць таго, хто вярнуў яму зрок, бо на момант сустрэчы быў, вядома, сляпым, а зрок вярнуўся яму толькі пасля абмыцця, калі Хрыста ўжо не было з ім побач. Вось такім чынам наш былы сляпы – давайце называць яго Відушчым! – апынуўся перад фарысэямі. Тое, што адбываецца далей – гэта зацятая барацьба, слоўнае фехтаванне Відушчага, з аднаго боку, а з другога боку, дасведчаных у дыскусыях фарысэяў. Адбыліся два раўнды змагання, бо фарысэі клікалі аздароўленага двойчы. За гэты час яны атакавалі пяць разоў ды атрымалі годны супраціў.
2. На пачатку Відушчы нават і не падазрае, што мусіць увайсці ў канфрантацыю з рэлгійнымі лідэрамі. Яго пытаюцца, якім чынам ён стаў бачыць; ён канстатуе факт: “Балота паклаў Ён на вочы мае, я абмыўся і бачу”. Гэты просты праўдзівы адказ выклікае сярод іх разлад і нязгоду. Рэшта здаровагу глузду падказвае некаторым з іх, што грэшнік не можа “чыніць такія знакі”. Нарэшце яны вырашаюць аддаць ініцыятыву былому сляпому, пытаючыся яго меркавання: “Што ты скажаш пра Таго, Які адкрыў вочы твае?”. Гэта вядомы рэтарычны прыём у дыскусіі: калі сам не ведаеш адказу на пытанне, то перанакіруй яго свайму апаненту. Апанент звычайна гэтага не чакае, губляе апанаванне, пачынае рабіць памылкі… Вось тады і наносіцца асноўны ўдар. У нашым жа выпадку гэта не проста жаданне пачуць іншую думку, але намёк нашаму герою – скажы тое, што мы хочам пачуць і ты свабодны ад гэтай малапрыемнай размовы, якая невядома чым можа скончыцца. Аднак не проста нашага Відушчага збіць з панталыку. Ён цудоўна зразумеў сігнал, які паслалі яму фарысэі, але смела кажа ім тое, што думае: “Гэта прарок!”. І без Вікіпедыі можам здагадацца, што гэта значыць: я мяркую, гэта той, хто выступае ад імя Бога. Лідэры юдэяў не пачулі таго, чаго хацелі, але і адвагі спрачацца далей у іх няма. Гэтым і сканчваецца першы раўнд, пасля якога незадаволеныя начальнікі вырашылі праверыць сваю версію пра падман і паклікалі на допыт бацькоў Відушчага. (Ня будзем засяроджвацца на гэтым допыце. Пяройдзем адразу да другога раўнду). Пасля размовы з бацькамі аздароўленага, калі фарысэі былі вымушаны адкінуць версію падмана, яны клічуць яго ў другі раз. Мабыць ім здаецца, што іх суразмоўца трошкі дурнаваты, і таму не разумее іх тонкіх сугестый. Вось чаму цяпер яны робяць яму ясны ды недвусэнсоўны знак: “Услаў Бога! Мы ведаем, што той чалавек – грэшнік”. Але іх суразмоўца не хоча гуляць у брудныя гульні па не вызначаных правілах. Ён проста застаецца на баку сціслых фактаў: “Ці Ён грэшнік, не ведаю, але толькі ведаю, што я быў сляпы, а цяпер бачу”. Гэты адказ апаненты цалкам ігнаруюць удаючы глухіх: не пачуць аргумент апанента – гэта таксама прыём маніпуляцыі, які вяртае дыскусію да папярэдняга стану. Каб збянтэжыць суразмоўцу, яны ізноў паўтараюць пытанне, на якое ўжо атрымалі поўны адказ: “Што Ён зрабіў табе? Якім спосабам адкрыў твае вочы?”. Да гэтага моманту былы сляпы проста парыраваў выпады сваіх апанентаў, але не таму ён стаў відушчым, каб не бачыць крывадушнасць начальнікаў! Нечакана для фарысэяў ён двойчы контратакуе, спачатку з доляй іроніі пытаючыся, ці не хочуць яны стаць вучнямі Ісуса, а потым з сарказмам заяўляючы: “Гэта вось і дзіўна, што вы не ведаеце скуль Ён, а Ён адкрыў мае вочы”. Пасля гэтага Відушчы сам падсумоўвае дыскусію, фактычна агучваючы выснову, якую на самым пачатку сфармулявалі і самі фарысэі, але прыняць якую не мелі адвагі: “Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не слухае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго выконвае, таго слухае”. Гэта фактычна “шах і мат”, а начальнікі толькі і могуць, што прагнаць яго прэч.
3. Кропкай у гэтай евангельскай гісторыі з’яўляецца сустрэча ўжо не Сляпога, але Відушчага з Хрыстом. Госпад пытаецца ў яго, ці верыць той у Сына Божага. Аздароўлены ўпершыню бачыць Ісуса сваімі вачымі, таму ўдакладняе, хто ёсць Сынам Божым. А Госпад гаворыць, што гэта Ён і што наш герой ужо бачыў Яго. Тут мы можам усклікнуць ад здзіўлення: як? Той чалавек быў сляпым, калі адбылася паміж імі сусрэча!? Але гэта здзіўляе толькі нас – не Відушчага. Відушчы кланяецца Ісусу і вызнае сваю веру. Уся справа ў тым, што гэта гісторыя не пра фізычны зрок, але пра духоўны! Гэта гісторыя пра ўнутраную свабоду ды вернасць праўдзе, свайму сумленню. Дарога шчырасці і дабрасумленнасці прывяла нашага героя да сустрэчы з Ісусам, Сынам Божым, якога ён бачыў заўсёды, калі адстойваў праўду. Гэтак і мы кожны раз, калі мы паступаем згодна з праўдай, паводле сумлення – мы бачым нашага Госпада. Вярнуцца назад |