Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Да свята Жыровіцкай Маці Божай

Да свята Жыровіцкай Маці Божай


7.05.2020.
Да свята Жыровіцкай Маці Божай7 траўня, у дзень ушанавання Іконы Маці Божай Жыровіцкай

грэка-католікі моляцца за Беларусь.

 

***

 

У 2003 годзе, зьвяртаючыся да каталіцкіх ярархаў Беларусі падчас іх візіту «ad limina Apostolorum», менавіта Яе апецы даручыў Папа Рымскі Ян Павел II Беларусь:

«Даручаю ўсіх апецы Найсьвяцейшай Панны Марыі, якая ўшаноўваецца на вашай зямлі пад імем Маці Божай Жыровіцкай.

Прашу Яе быць заступніцай вас, вялебныя і любыя Сабраты, і вашых бліжэйшых памочнікаў — сьвятароў, законьнікаў і законьніц, семінарыстаў і сьвецкіх асобаў, якія актыўна займаюцца апостальскай дзейнасьцю, і ўсёй каталіцкай грамады, што жыве ў Беларусі.

Няхай на ўсіх і на кожнага прасьцягне Яна разам са сьвятымі Заступнікамі вашай зямлі, сваю матчыну апеку».

 

***

 

Валадарка Беларускага народу: Цудатворны Абраз Маці Божай Жыровіцкай

 

Здаўна славіцца сваімі шматлікімі ласкамі цудатворны абраз Маці Божай у Жыровіцах. Вось ужо больш за пяць стагоддзяў мноства вернікаў з самых розных куткоў нашай краіны — з-пад Слоніму і Горадні, з Берасьця і Пінску, з Менску, Віцебску ды Гомеля, а нават і з Польшчы, Украіны, Расеі імкнуцца ў гэтае маленькае мястэчка ў самым сэрцы Беларусі, каб прасіць заступніцтва ў нашай нябеснай Апякункі Найсьвяцейшай Багародзіцы Дзевы Марыі ды ўзьнесьці малітвы падзякі за атрыманыя ласкі і дабрадзействы.

 

Жыровіцкі абраз уяўляе сабой авал з яшмы, на адным баку якога – рэльефная выява Багародзіцы тыпу Замілаваньня з Дзіцяткам Ісусам на правай руцэ. Паводле выдадзенай у часы Уніі «Гісторыі...» Ф.Баравіка (Вільня, 1622; 1628), гэтую сьвятыню знайшлі ў лясным гушчары на квітнеючай грушы-дзічцы ў другой палове XV стагоддзя, калі ўладальнікам Жыровіцаў быў падскарбій Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Солтан, ягоныя пастушкі.

 

Паданьне гаворыць, што спачатку Аляксандр Солтан, якому прынесьлі пастушкі сваю знаходку, меў намер захоўваць маленькі абразок з выявай Божай Маці ў куфэрку, аднак ён адтуль дзіўным чынам прапаў, калі падскарбій захацеў паказаць яго сваім гасьцям. Абразок зноў знайшлі па промнях сьвятла на той самай грушцы. Пабачыўшы ў гэтым здарэньні пэўны знак Нябеснай Уладаркі, Солтан вырашае пабудаваць драўляны храм Божы ў гонар Найсьвятой Багародзіцы на тым самым месцы, дзе сярод лясных дрэваў упершыню зазьзяў промнямі на грушцы абраз Божай Маці. Сам каменны абраз упрыгожваецца срэбрам і выстаўляецца для агульнага ўслаўленьня.

 

Мінула паўстагоддзя, і каля 1560 году здараецца бяда — агонь нішчыць царкву. Адшукаўся маленькі абразок ізноў праз цуд. Дзеці, што гуляліся непадалёку ад пажарышча, раптам заўважылі пад гарой на камені сьвечку, якая гарэла, а ля яе — незвычайнае прыгажосьці жанчыну, якая малілася. Уражаныя, яны пабеглі да настаўніка-сьвятара. На ўказаным дзецьмі месцы ён знайшоў згублены абраз Усячыстай Дзевы Марыі, а на камені, дзе гарэла сьвечка,— сьлед нагі Багародзіцы. З вялікай пашанаю жыхары мястэчка перанесьлі ў хату сьвятара цудоўна адшуканы абраз, дзе ён захоўваўся да часу, пакуль не была адноўлена царква.

 

Уладальнік Жыровіцаў смаленскі кашталян Ян Мялешка і Даніла Солтан запрасілі сюды ў 1613 годзе манахаў-базыльянаў, зрабілі вялікую фундацыю для манастыра. Першым ігуменам манастыра стаў Язафат Кунцэвіч, пазьнейшы архібіскуп Полацкі — мучанік і сьвяты. Менавіта пры Язафаце Кунцэвічы на месцы першага зьяўленьня абраза пачаў узводзіцца новы велічны мураваны храм для цудатворнага абраза Маці Божай, які быў названы ў гонар Усьпеньня Багародзіцы. Сьвяты Язафат і ягоныя наступнікі сьвядома імкнуліся стварыць у Жыровіцах моцны цэнтр Уніі, каб тут, пад апекай Маці Божай, умацоўваць еднасьць хрысьціянаў у нашым Краі. Адданая і пабожная праца айцоў-базыльянаў знаходзіла водгук як у простага люду, так і ў шляхты ды магнатаў. Ня раз ля Жыровіцкага абраза Божай Маці маліліся канцлер ВКЛ Леў Сапега, які падараваў манастыру шмат зямлі, карчму і звон для царквы; узносілі свае малітвы і атрымлівалі ацаленьні магнаты з роду Астрожскіх, Агінскіх, Войнаў Палубінскіх, Радзівілаў, Сангушак, Сапегаў, Солтанаў, Сьлізьняў, Хадкевічаў і іншыя. Слава маленькага цудатворнага абразка з Жыровіцаў дайшла і да Варшавы да самога караля. 9 сьнежня 1644 году ў Жыровіцкай сьвятыні два дні быў на ўрачыстых набажэнствах кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV з каралеваю. Дзеля праслаўленьня Багародзіцы 21 чэрвеня 1652 году кароль Ян Казімімр надаў Жыровіцам — яшчэ зусім нядаўна ціхаму мястэчку на ўскрайку пушчы — Магдэбургскае права.

 

19 верасьня 1730 году цудатворны абраз Маці Божай у Жыровіцах быў каранаваны залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жыровіцкая з блаславеньня Папы Рымскага Клімента XII, які асабліва шмат клапаціўся пра Ўсходнюю Царкву, была ўрачыста абвешчана Каралевай беларускага народу. Каранаваць абраз меў намер 8 верасьня 1728 году яшчэ мітрапаліт Леў Кішка, аднак тагачасная сітуацыя ў краіне не спрыяла гэтаму, і каранаваньне адклалі; зьдзейсьніў яе ўжо наступнік гэтага мітрапаліта.

 

Багата аздобленыя каштоўнымі каменямі залатыя кароны, выкананыя ў Рыме, ахвяравала для абраза княгіня Ганна Радзівіл з роду Сангушкаў, а з Рыму іх даставіў яе сын Геранім Радзівіл. Вось жа 19 верасьня 1730 году (8 верасьня па старым стылі, у сьвята Нараджэньня Багародзіцы) уніяцкі мітрапаліт Кіеўскі Апанас Шаптыцкі ў прысутнасьці пасланьніка Папы, двух біскупаў (Тэафіла Гадэбскага, уладыкі Ўладзімірскага і Берасьцейскага ды Юрыя Булгака, уладыкі Пінскага і Тураўскага), духавенства абодвух абрадаў і дзясяткаў тысячаў вернікаў зьдзейсьніў урачысты акт каранацыі слыннага ласкамі абраза Маці Божай у Жыровіцах. Падчас урачыстасьці працэсія прайшла праз шэсьць трыюмфальных брамаў, пабудаваных на шляху з Слоніма ў Жыровіцы. На працягу тыдня ля цудатворнага абраза не спыняліся набажэнствы, каля 140 тысячаў вернікаў абодвух абрадаў прыйшлі за гэты час спавядацца і прычашчацца Сьвятымі Тайнамі. У гэты ж час былі нават занатаваны сем цудоўных здарэньняў. У памяць пра гэтую вялікую ўрачыстасьць у Жыровіцах былі адліты памятныя медалі.

 

Жыровіцкі абраз двойчы пакідаў сьцены манастыра. Першы раз гэта здарылася ў 1660 годзе, у час «Патопу» — вайны з Масковіяй, калі абраз, каб уратаваць ад чужынскіх захопнікаў, манахі вымушаны былі вывезьці ў манастыр базыльянаў у Быцені. Другі раз — у 1915 годзе, калі пачалася сусьветная вайна. Яго вывезьлі ў Маскву, а адтуль Жыровіцкі абраз вярнуўся ўжо бяз большасьці аздобаў.

 

У часы Уніі сярод усіх абразоў Маці Божай, якія былі ва ўніяцкіх сьвятынях Беларусі, найбольш пашыраныя былі якраз копіі з Жыровіцкай іконы. Сёньня варта асабліва адзначыць сярод розных копіяў Жыровіцкага абраза дзьве цудатворныя іконы, якія належаць католікам. Адна з гэтых сьвятыняў дагэтуль знаходзіцца ў Рыме ў царкве Madonna del Pascolo (сьв. Сяргея і Вакха айцоў-базыльянаў), якой цяпер карыстаюцца ўкраінскія грэка-католікі. Час ад часу ў гэтым храме ля цудатворнай іконы Маці Божай Жыровіцкай моляцца і беларускія грэка-католікі. Цікавая гісторыя й лёс другой цудатворнай копіі. Сёньня яна знаходзіцца ў рыма-каталіцкім касьцёле сьв. Андрэя ў Слоніме. Аднак мала хто ведае, што і гэтая ікона мае грэка-каталіцкае мінулае...

 

Гэты абраз Маці Божай Жыровіцкай даволі вялікі, намаляваны на палатне, і зьяўляецца копіяй як раз таго, што ў Рыме, у царкве базыльянаў. У 1738 годзе нашыя базыльяне, што жылі ў Вечным горадзе, вырашылі падараваць на Бацькаўшчыну базыльянам у Жыровіцы копію свайго цудатворнага абраза Madonna del Pascolo. Сёньня рымская копія іконы Маці Божай Жыровіцкай сёньня знаходзіцца над галоўным алтаром фундаванага некалі Сапегамі цудоўнага касьцёлу сьвятога апостала Андрэя, якім апякуюцца айцы-капуцыны.

 

Вось такім дзіўным спосабам Маці Божая Жыровіцкая лучыць наш беларускі народ. І таму ікону Маці Божай Жыровіцкай можам называць яшчэ й Маці Божай Еднасьці.

 

(Тэкст з архіву)


Вярнуцца назад