Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Нядзеля Міраносіцаў і Таемных вучняў Хрыста
Нядзеля Міраносіцаў і Таемных вучняў Хрыста26.04.2020. |
|
1. Сёння Нядзеля Міраносіцаў і мы рупліва ўзіраемся ў прыклад вернасці і адвагі, які далі нам жанчыны – вучаніцы нашага Госпада Ісуса Хрыста. Гэта яны паказалі сябе больш мужнымі за Апосталаў. Апосталы разбегліся і пахаваліся перад пераследам з боку юдэйскіх начальнікаў, а яны – жанчыны - таварышылі Ісусу да самага апошняга моманту Ягонага зямнога жыцця – да самой Яго Крыжовай смерці. І пасля смерці любоў да Збаўцы вядзе іх да Яго магілы: спачатку, каб пабачыць куды паклалі іх Госпада, а потым, каб вярнуцца, так хутка як толькі магчыма, і стаць сведкамі Яго Ўваскрасення!
Сапраўды слушна гэта нядзеля называецца Нядзеляй Міраносіцаў! Але было б не справядліва не ўзгадаць сёння таксама іншых герояў, пра якіх нам гаворыць Евангелле, а менавіта двух таемных вучняў Ісуса – Нікадыма ды Язэпа з Арыматэі. Яны абодва былі членамі Сінедрыёну, рады, якая вырашала рэлігійна-грамадскія пытанні юдэяў і мелі вельмі высокі сацыяльны статус.
2. Пра Нікадыма тройчы ўзгадвае ў сваім Евангельлі Апостал Ян. Першы раз, калі той патаемна ўначы прыходзіць да Ісуса ды размаўляе з ім пра нараджэнне ад Духа, другі раз, калі бароніць Госпада перад фарысэямі, якія абмяркоўваюць магчысасць Яго арышту, і нарэшце трэці раз, калі Ісуса здымаюць з Крыжа - Нікадым прыносіць “каля ста фунтаў мешанкі міра і алоэ” (Ян 19:39б), каб памазаць Яго.
Другі таемны вучань – Язэп з Арыматэі. Яго ўзгадваюць усе евангелісты ў сувязі з пахаваннем Ісуса Хрыста. Як сведчыць Евангеліст Лука, быў ён “чалавек добры і справядлівы – ён не згаджаўся з радай і іх учынкамі”. Менавіта Язэп прышоў да Пілата і прасіў цела Ісуса, зняў яго ды разам з Нікадымам загарнуў у плашчаніцу з духмянасцямі, а пасля гэтага паклаў у магілу, што раней прыгатаваў для сябе.
Якія пытанніі ўзнікаюць у нас, калі мы ўзгадваем пра гэтых вучняў? Мабыць самае першае гэта: чаму яны былі таемнымі, чаму не занялі больш актыўную пазіцыю? Вось жа і сам Госпад ставіць перад намі істотны крытэрый быцця вучнем: “[...] кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго прызнаю і Я перад Айцом Маім, які ёсць у небе” (Мц. 10:32). 3. Адказ на гэтае пытанне - банальны. Нікадым і Язэп былі звычайнымі людзьмі са сваімі грахамі, слабасцямі, страхамі і сумнівамі. Яны, як і кожны з нас, штодня рабілі свой выбар, крок за крокам збліжаючыся да Госпада або аддалялючыся ад Яго. Аднак смерць Ісуса стала такім зваротным момантам, калі трэба было вырашыць канчаткова – ці я на баку праўды, ці хачу застацца верным Укрыжаванаму? Такі момант – або моманты – наступаюць у жыцці кожнага чалавека, калі нам трэба, не гледзячы ні на што, зрабіць свой канчатковы выбар.
Нікадым і Язэп робяць свой выбар. Яны адкрыта паказваюць сябе, як вучні Госпада. Гэта было вельмі небяспечна. Мацвей, Марк і Лука не ўзгадваюць пра Нікадыма ў сваіх Евангеллях, бо не жадаюць лішні раз інфармаваць юдэяў пра яго заангажаванасць. І толькі апостал Ян, які пісаў сваё Евангелле значна пазней, пакідае нам сведчанне пра яго. Язэпу з Арэматэі схавацца было не магчыма. Шмат сведкаў бачыла, як ён адважна прыйшоў да Пілата ды прасіў цела Ісуса, якое паводле звычаю павінна было быць пахаванае ў той самы дзень. (Самі ж рымляне маглі кінуць цела Госпада ў агульную магілу або спаліць яго).
Дарагія Сябры! Сёння узгадваючы адважных вучняў Ісуса – жанчынаў і мужчынаў – бярэм з іх прыклад вернасці нашаму Госпаду. Гэта вернасць у паслядоўнасці нашым маральна-рэлгійным перакананням, гэта мужнасць называць праўду - праўдай, а няпраўду - ілжой. Вярнуцца назад |