Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Асаблівая Чатырыдзесятніца”
“Асаблівая Чатырыдзесятніца”1.04.2020. |
|
Дастойны Біскуп Мануэль (Нін) Апостальскі Экзарх у Афінах
І. Калі я пісаў гэтыя нататкі, у мяне была спакуса надаць ім назву “Атыповая Чатырыдзесятніца”. Сапраўды, апрача таго смутку і страху што ўкараняюцца ў нашых сэрцах, ёсць вельмі дзіўнае, сказаў бы, нетыповае адчуванне ад таго, што прыходзіцца перажываць (у гэтыя дні). Да Вялікага Посту рыхтуемся зазвычай з дапамогай больш інтэнсіўнай, з пункту гледжання літургіі, праграмай і рытмам багаслужэнняў. У гэтым часе робім пастановы, абмяжоўваючы сябе ў шматлікіх рэчах, разважаем пра пост, стрыманасць, адрачэнне, пра добрыя, нават вельмі добрыя і карысныя, аскетычныя практыкі. У гэтым годзе, аднак, нашая Чатырыдзесятніца выявілась “асаблівай, атыповай”, дызарыентаванай нечым, пра што мы ніколі не думалі, нейкім некантралёваным вірусам, які у гэтыя дні шмат разоў стварае ўражанне, нібы кантралюе наш Вялікі Пост, нават наша жыццё. Гэты вірус паставіў па сумнеў нашыя намеры, нашу Чатырыдзесятніцу, і прымушае перажываць яе, адважуся сказаць, у спосаб нашмат больш канкрэтны, калі хочаце, літаральны, праз адмовы, пост і абмежанні, якія адчуваем на ўласнай скуры. Але (ідзецца) таксама пра адмовы, “пост”, абмежаванні ў рэчах, якія для нас ёсць важнымі, падставовымі: служэнні Боскай Літургіі, удзел у царкоўных таямніцах, службах літургійнага кола, якія вызначаюць рытм жыцця цэркваў. І можна сказаць, што мы усвядомілі рэальнасць гэтых нашых абмежаванняў і пастоў, нібы раптам прачнуўшыся ад сну, пазбаўленыя, і ня толькі пазбаўленыя, але абмежаваныя на юрыдычным узроўні, з прычынаў форс-мажорных абставінаў і (патрэбы дбаць) пра супольнае дабро. Што азначае для нас, хрысціянаў, і хрысціянаў каталікоў візантыйскай традыцыі у Грэцыі, гэта “асаблівая і атыповая Чатырыдзесятніца”? Мы шмат разоў чыталі, магчыма нават разважалі пра тры важных аспекты жыцця ў вялікапосным часе, а ўласна, пра малітву, пост і міласціну.
ІІ. Малітва. Наша малітва падчас гэтай Чатырыдзесятніцы адбываецца не ў нашых парафіяльных ці манастырскіх цэрквах, якія застаюцца даступнымі толькі для “абмежаванай колькасці вернікаў”. Месцам нашай малітвы ў гэтым вялікапосным часе ёсць наш дом, найперш у індывідуальным вымярэнні, у глыбіні нашага сэрца, але таксама ў вымярэнні сямейным, абодва з якіх, асабістае і сямейнае, ёсць таксама, і перадусім, вымярэннямі царкоўнымі. Малітва, такая, якой яна павінна быць, і я як ваш біскуп прашу, каб яна так адбывалася, павінна адштурхоўвацца ад нашай візантыйскай традыцыі: гэта малітва царкоўнага правіла, нават калі з яго мы можам маліцца толькі псальмы, якія ёсць сакральнымі тэкстамі, якія змяшчаюць у сабе суцяшэнне і моц для нашага жыцця ў веры. Памятайма, што сам Госпад на крыжы маліўся двума вершамі з псальмоў. Таксама можна чытаць нараспеў або спяваць некаторыя трапары з багаслужбовага кола. Напрыклад, павольна вымаўляць у сваім сэрцы натхнёныя словы трапара з Вялікай Павячэрніцы: “З намі Бог...”. Або звярнуцца (да тэксту) Акафіста, просячы асаблівага заступніцтва Божай Маці ў момант, які мы зараз перажываем. Прашу Госпада, каб гэта “асаблівая і атыповая” Чатырыдзесятніца дапамагла нам адкрыць для сябе, зноў або нанова, з аднаго боку асабістую малітву, той факт, што кожны хрысціянін і хрысціянка ёсць пакліканыя быць людзьмі малітвы. Той малітвы, якая не ёсць і ніколі не павінна ўспрымацца толькі як “уласная” малітва, але заўсёды царкоўная, таму што праз яе мы ёсць і адчуваем сябе часткай Царквы. А з іншага боку, зноў і нанова маглі адкрываць для сябе прыгажосць нашай візантыйскай літургійнай традыцыі. У сям’і, у супольнасцях, незалежна ад таго мала нас ці шмат, будзем маліцца з вераю, нават у моманты (духоўнай) пасухі, цярпення, страху, будзем чыніць малітву з перакананнем і вытрываласцю. Памятайма словы Ганны, маці прарока Самуіла, якія паўтараем на трэцяй песні канону ютрані: “Госпад дае малітву таму хто моліцца...” Маліцеся за ўсю Царкву, за вашага біскупа і за вашых святароў якія, будзьце пэўныя, ў гэтыя дні адчуваюць, нават у самоце ізаляванасці, (духоўную) блізкасць да вас, сапрычасце з вамі, з вашымі сем’ямі, хрысціянскімі і парафіяльнымі супольнасцямі. У гэтай малітве адчуйце салідарнасць з вашымі братамі і сёстрамі, якія хварэюць, якія ў шпіталі, тымі, якія самотныя, бо ня маюць сям’і.
Пост. Падчас гэтай Чатырыдзесятніцы, паўтаруся, “асаблівай і атыповай”, нашым пастом будзе безумоўна пост адносна ежы, таму што ў продажы магчыма не знойдзем ўсё што хочацца, або чаго патрабуем. Але заахвочваю вас ў гэтыя дні да посту, або калі больш падабаецца, да самаабмежавання і цвярозасці, перадусім, ад марнаслоўства. Да посту ад таго каб быць перагружанымі, “бамбардаванымі” (інфармацыяй) праз тэлебачанне і інтэрнэт. “Посцім” у гэтыя дні ад тэлебачання і інтэрнэту. Не каб быць дэзінфармаванымі, гэта не, але да адмежавання ад, сказаў бы, таго “патопу”, повені інфармацыі, якая наплывае, якая нас накрывае, і якую мы безумоўна не здольныя асэнсаваць, і якая ніякім чынам не прыносіць нам карысці. Тэлебачанне і інтэрнэт ёсць карыснымі сродкамі (інфармацыі), але таксама такімі што можуць з аднаго боку выклікаць залежнасць, а з іншага маніпуляваць намі і забраць тую свабоду і здаровы глузд у нашых дзеях і думанні як хрысціянаў. Маліцеся ў якасці вашай штодзённай хрысціянскай малітвы цудоўную малітву святога Ахрэма якую старанна паўтараем упрадоўж Вялікага Посту, прыгожы і моцны тэкст, які закранае ўсё наша хрысціянскае жыццё: “...духа ленасці, нуды, уладалюбства і марнаслоўя не дай мне”. І зноў (кажа): “Духа чысціні, пакоры, цярплівасці і любові дай мне, слузе Твайму... Дай мне бачыць мае правіны і не асуджаць брата майго”.
Міласціна. Наша хрысціянская любоў, наша міласціна, хай будзе накіравана да нашых родных, да людзей што поруч з намі. (Хай будзе) шчодрай у нашых дзеях і нашых учынках. Магчыма, што падчас гэтай Чатырыдзесятніцы дабрачыннасцю, каторай займаліся праз шматлікія інстытуцыі нашай Царквы, Карытас або іншыя харытатыўныя арганізацыі, ужо займацца не зможам. Але можам чыніць яе праз нашу элементарную і штодзённую шчодрасць у адносінах да самотных людзей, да асобаў, якія маюць патрэбу ў прыязным слове, праз шчодрасць да членаў той самой нашай сям’і, нашага дому і нашай Супольнасці.
ІІІ. Гэта Чатырыдзесятніца, “асаблівая і атыповая”, як мы яе назвалі напачатку, ёсць таксама Чатырыдзесятніцай, якая павяртае нас да галоўнага, да Таго, (нашага) Госпада, які ёсць адзінай прычынай нашага жыцця, нашага існавання. На Яго пакладаем наша спадзяванне, нашу надзею, у Ім жывем у любові.
Прапаную вам асобныя тэксты малітваў з візантыйскай літургічнай традыцыі, якія могуць дапамагчы і даць штуршок нашай асабістай, сямейнай малітве, якая заўсёды ёсць таксама малітвай царкоўнай.
Вялікі Пракімен на вячэрні ў нядзелі Вялікага Посту. Не адвярні Твару твайго ад слугі Твайго, хутка пачуй мяне, зірні на душу маю і збаў яе.
Акафіст да Багародзіцы. Магутная Ўладарка Багародзіца, мы, верныя слугі Твае, выбаўленыя Табою ад бедаў, песні ўдзячнасці і перамогі Табе прыносім. Ты ж, маючы сілу непераможную, ад усякіх напасцяў выратуй нас, каб нам усклікнуць: “Радуйся, Дзева Маці!”
Вялікая Павячэрніца. З намі Бог, зразумейце народы, і скарыцеся, бо з намі Бог.
Чатырыдзесятніца 2020, Афіны, Грэцыя + Мануэль Вярнуцца назад |