Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Папа Францішак выйшаў з Ватыкана, каб памаліцца аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу
Папа Францішак выйшаў з Ватыкана, каб памаліцца аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу16.03.2020. |
|
Як паведаміла італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, Святы Айцец на пачтаку пятай гадзіны скіраваўся ў базыліку Святой Марыі Вялікай (Santa Maria Maggiore), дзе памаліўся аб выбаўленні ад пандэміі каранавірусу перад цудадзейнай іконай Багародзіцы Salus populi Romani — «Збаўленне рымскага народа».
Такім чынам, выйшаўшы па-за ватыканскія муры ў Трэцюю нядзелю Вялікага посту, Папа Францішак жадаў падкрэсліць сваю блізкасць да ўсіх, хто церпіць, і прасіць для іх заступніцтва Маці Божай.
Як адзначыў кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні, Святы Айцец з асабістай ініцыятывы скіраваўся ў базыліку святой Марыі Вялікай, адкуль па вуліцы Дэль Корса пешкі як пілігрым прайшоў у касцёл Сан-Марчэлло-аль-Корса. У гэтай святыні захоўваецца цудадзейнае Укрыжаванне, якое ў 1522 годзе ў працэсіі пранеслі па вуліцах Рыма, каб пакласці канец «Вялікай чуме», што лютавала ў той час у Вечным горадзе.
У сваіх малітвах перад іконай Маці Божай і Укрыжаваным Папа Францішак прасіў аб выбаўленні ад пандэміі, што апанавала Італію і свет, аб аздараўленні шматлікіх хворых, аб вечным жыцці для ахвяраў вірусу, а таксама аб суцяшэнні і падтрымцы для іх родных і блізкіх.
Сваёю малітваю Святы Айцец агарнуў таксама супрацоўнікаў службы аховы здароўя, лекараў і ўсіх тых, хто ў гэтыя дні прыкладае намаганні для пераадолення страшнай навалы.
Відэа: Vatican News / Фота: giornaledibrescia.it / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by Вярнуцца назад |