Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Часовыя нормы паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі

Часовыя нормы паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі


13.03.2020.

Часовыя нормы паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-каталіцкай Царквы ў БеларусіПачэсныя Святаслужыцелі, Дарагія вернікі!

 

У сувязі з пандэміяй каронавірусу сёння ў свеце і ў Беларусі склалася надзвычай сур’ёзная і складаная эпідэміялагічная сітуацыя.

Да вашай увагі даваджу поўныя пастырскага клопату словы Высокадастойнага Мітрапаліта Тадэвуша (Кандрусевіча):

Беручы пад увагу няспыннае распаўсюджванне смяротна небяспечнай хваробы, з вераю ў Божы Провід і з клопатам пра здароў’е нашых грамадзянаў у Каталіцкай Царкве ў Беларусі, якая клапоціцца пра духоўнае і фізічнае дабро сваіх вернікаў і ўсяго нашага народа, уводзяцца прэвентыўныя санітарныя захады”.

 

З пашанай да традыцый нашага візантыйскага абраду ўводзім часовыя нормы паводзінаў у храмах і душпастырскіх цэнтрах Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі:

 

1.Ушанаванне святога Крыжа, іконаў і мошчаў адбываецца праз глыбокі паклон без дотыку і цалавання.

У Крыжапаклонную Нядзелю святы Крыж ушаноўваем праз “зямны паклон”.

 

2. У храмах не карыстаемся святой (Ярданскай) вадой, не п’ём яе.

 

3. Вітаем адзін аднаго схіленнем галавы, без падавання рукі.

У кантакце з душпастырам стараемся захаваць магчымую дыстанцыю.

 

4. Перад багаслужэннем святаслужыцелі і панамары павінны старанна вымыць рукі і няўхільна захоўваць строгія нормы гігіены.

 

5. Усіх вернікаў заклікаем да руплівай малітвы да Госпада аб спыненні эпідэміі.

 

6. Гэтым Распараджэннем старэйшых і слабых вернікаў і дзяцей вызваляю ад абавязку ўдзельнічаць у Боскай Літургіі ў нядзелі.

Заахвочваю іх, каб у нядзелі малілісі дома і – калі магчыма – карысталіся трансляцыяй багаслужэнняў ў СМІ або рознымі духовымі праграмамі.

 

Гэтыя нормы дзейнічаюць да іх адмены.

 

Малітвамі Найсвятой Багародзіцы і святых Лекараў Касмы і Дам’яна няхай Міласэрны Бог выбавіць усіх нас ад эпідэміі каранавірусу, адорыць здароў’ем хворых і падтрымае сваёй дапамогай супрацоўнікаў службы аховы здароў’я, якія імі апякуюцца.

 

З малітвай і блаславеннем

 

+Архімандрыт Сяргей (Гаек)

Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі

 

Мінск, 13 сакавіка 2020 г., напярэдадні Крыжапаклоннай нядзелі


Вярнуцца назад