Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Пілігрымка з Віцебска ў Полацк не выйдзе: ад вернікаў запатрабавалі аплаціць паслугі спецыяльных службаў

Пілігрымка з Віцебска ў Полацк не выйдзе: ад вернікаў запатрабавалі аплаціць паслугі спецыяльных службаў


8.07.2019.

Пілігрымка з Віцебска ў Полацк не выйдзе: ад вернікаў запатрабавалі аплаціць паслугі спецыяльных службаў25-я Юбілейная пілігрымка Віцебск – Полацк, якая мела праходзіць з 9 па 13 ліпеня пад дэвізам «Хрыстос жыве», не выйдзе з-за таго, што вернікі не могуць аплаціць паслугі спецыяльных службаў.


Пра гэта паведаміў Catholic.by айцец Яўген Усошын, канцлер Курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

 

Па словах святара, у адказ на скіраваную арганізатарамі ў Віцебскі аблвыканкам просьбу быў атрыманы дазвол на правядзенне пілігрымкі. Аднак адна з умоваў, высунутых уладамі, прадпісвала вернікам аплаціць паслугі спецыяльных службаў — міліцыі, медыкаў, супрацоўнікаў камунальнай гаспадаркі і гэтак далей, як гэта прадугледжана зацверджанымі нядаўна беларускім урадам новымі правіламі правядзення масавых мерапрыемстваў.

 

Паколькі супольнасць Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі не мае сродкаў на аплату паслугаў згаданых службаў, якія фінансуюцца за кошт падаткаў беларускіх грамадзянаў, пілігрымка з Віцебска ў Полацк 9 ліпеня не выйдзе.

 

Нагадаем, што 24 студзеня 2019 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 49 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюць органы ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, прыбіраннем тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавых мерапрыемстваў».

 

Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звярнулася ў Савет міністраў з пытаннем, ці гэтая пастанова датычыцца таксама правядзення рэлігійных масавых мерапрыемстваў — працэсій, пілігрымак і іншых абрадаў і цырымоній з удзелам вернікаў.

 

У адказе з боку ўрада, падпісаным 15 мая былым міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігарам Шуневічам, было сказана, што дзеянне вышэйзгаданай пастановы не распаўсюджваецца на рэлігійныя мерапрыемствы.

 

Паводле Catholic.by


Вярнуцца назад